Антыфэйк / фактчэк

09 красавіка

Беларусы, якія з'ехалі з Беларусі, просяць камісію дазволіць вярнуцца? Правяраем словы Лукашэнкі

Усяго камісія атрымала 150 заяў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.04.2024
Беларусы, якія пераехалі з Беларусі жыць у іншыя краіны, цяпер закідваюць камісію па вяртанні заявамі з просьбамі пусціць іх назад. Пра гэта распавёў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з гарадзенцамі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці так гэта ў рэчаіснасці.

Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка 2024 года перасцярог людзей ад эміграцыі з Беларусі. Запіс выступу паказалі па АНТ. 

«Вы туды пазірайце, хадзіце, глядзіце, можаце заехаць нешта купіць, але памятайце, што страціце апору і карані свае тут, — бяда. Вось ірванулі некаторыя туды, а цяпер закідалі камісію [генеральнага пракурора Андрэя] Шведа заявамі — хочам вярнуцца», — сказаў ён, выступаючы перад жыхарамі Горадні. 

19 лютага 2024 года генеральны пракурор Андрэй Швед у Палаце прадстаўнікоў заявіў, што за год працы камісія па вяртанні разгледзела 37 рэальных заяў ахвотных вярнуцца. Вынік іх працы — за год на радзіму вярнуліся каля дзесяці чалавек. 

Усяго камісія атрымала 150 заяў. Як патлумачыў генпракурор, у большасці з іх заяўнікі альбо не прапісалі анкетныя звесткі і не прыклалі свае дакументы, альбо проста прасілі даць тлумачэнні. А часам гэта былі лісты з пагрозамі ці не па тэме.