Антыфэйк / фактчэк

24 снежня 2021

Фэйкі ад «The New-York Times», Урокі расейскай мовы ад «Жоўтых сліў» і інвестыцыйны лікбез для Літвы і Латвіі

Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў навучыць дэпутатаў Еўрапарламенту расейскай мове

Аўтары:
Рэдактары:
Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў навучыць дэпутатаў Еўрапарламенту расейскай мове. Справа ў тым, што нядаўна ў Еўрапарламенце адбылося ўручэнне прэміі імя Андрэя Сахарава Аляксею Навальнаму. Замест Аляксея на ўручэнні была яго дачка.

Дык вось у «Жоўтых слівах» заўважылі, што на грамаце, якую ўручылі Дар'і Навальнай, імя яе бацькі напісана няправільна, а менавіта: у ім пераблытаныя літары. Замест «Алексею Навальному» там напісана «Алескею Навальному». Таксама еўрадэпутаты прапусцілі адну літару «р» у слове «коррупция».

Згодны, сапраўды ёсць памылкі. Зрэшты, адна з іх – гэта ўсяго толькі памылка друку. Вось толькі за няведанне рускай мовы «Жоўтыя слівы» аблаялі тых, для каго гэты мову не роднай, а замежны. І пры гэтым, у пасце, у якім тэлеграм-канал абвінавачваў у непісьменнасці еўрапейскіх палітыкаў, яго аўтары самі дапусцілі кучу памылак.

Увогуле, калі еўрапейцы дапусцілі 2 памылкі, то грамацеі з «Жоўтых сліў» зрабілі адразу 4!

Беларусь лепш за Еўропу была гатовая да каронавіруса, а Літве няма чым грузіць караблі

Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Альфа-радыё» асудзіў заходнія краіны за марнаванне грошай на вакцыны і QR-коды і паставіў у прыклад Беларусь.

«Замест таго, што ўжо даказана, галоўнае – ранняя дыягностыка, КТ. Вось гэта трэба купляць, а не QR-коды айцішнікаў аплачваць. Апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, наркозна-дыхальныя апараты. Тое, што, зноў жа, мы ўваходзім у дзясятку краін» – заявіў Пятроўскі.

Па ліку ІВЛ Беларусь, сапраўды, нядрэнна выглядае на агульным фоне. На пачатак пандэміі на 100.000 жыхароў у нас налічвалася 22 апарата.

Гэта ўдвая менш, чым было ў пачатку пандэміі ў ЗША і ў паўтара разы менш, чым у Нямеччыне, але ў 2 і ў 3 разы больш, адпаведна, чым было ў Вялікай Брытаніі і Францыі.

А вось з тамографамі, якія неабходныя для дыягностыкі захворвання, Беларусь дрэнны прыклад. Агульнай колькасці апаратаў КТ па краіне Мінздароўя не называе, у статыстыцы гэтыя дадзеныя не адлюстроўваюцца. Але з навін вядома, што ў сталіцы і палове абласцей краіны іх сумарна 72. Гэта значыць, што ў кожнай прааналізаванай вобласці і ў Менску паказнік забяспечанасці кампʼютарнымі тамографамі прыкладна аднолькавы: 1,2-1,3 апаратаў на 100.000 жыхароў. Прычым, закупкі КТ рэзка выраслі падчас пандэміі каронавіруса, а 5% з іх, па дадзенымі Міністэрства аховы здароўя, перыядычна не працуюць з-за паломак.

Але да ўзроўню Еўропы ў гэтым плане Беларусь так і не дарасла. У Літве яшчэ тры гады таму на 100.000 чалавек было ўдвая больш тамографаў, чым у Беларусі цяпер. У Польшчы – у паўтара разы больш. У Латвіі – утрая.

«А што Літва будзе перавозіць без Беларусі і Кітая? Вось што? Каму Літва патрэбная? Я не магу зразумець. Яна сама нічога не вырабляе. Парты ўласныя загрузіць не можа»  – працягнуў Пятроўскі.

У Літве адзін буйны порт – Клайпедскі. І беларускія грузы займаюць 37% ад гадавога грузаабароту. Гэта нямала, але і не крытычна шмат. Дзве траціны грузаў прыпадаюць на іншых транзіцёраў.

Літва і Латвія жылі за кошт Беларусі

Праўладны сацыёлаг Мікалай Шчокін заявіў, што Літва і Латвія ўсе гэтыя гады жыла за кошт Беларусі.

«На працягу гэтых 26-27 гадоў менавіта Беларусь, менавіта прэзідэнт Лукашэнка, былі галоўнымі інвестарамі эканомікі Літвы і Латвіі. Галоўнымі! І былі б далей. Яны жылі за наш кошт. Яны да гэтага часу гэтага не зразумелі. Але пачынаюць разумець» – заявіў Шчокін.

Вось толькі літоўская статыстыка малюе іншую карціну. З Беларусі за ўвесь час туды паступіла няпоўных чвэрць мільярда еўра інвестыцый. З маленькай Эстоніі – у 12 разоў больш. З Германіі – у 24 разы больш, чым з Беларусі. І нават з мікраскапічнага Люксембурга ў Літву прыйшло ў 6 разоў больш інвестыцый. Нашай краіны няма нават у ТОП-10 найбуйнейшых інвестараў Літвы.

Такая ж сітуацыя і ў Латвіі. Інвестыцыі туды на 3/4 прыходзяць з еўразоны. Яшчэ адна дзясятая – з Расеі.

Выданне NYT прыдумала дыспетчара?

Публікацыя «The New-York Times» пра пасадку самалёта Ryanair поўная фэйкаў. Гэта больш за 20 хвілін даказвалі на канале «Беларусь-1» яго супрацоўніца Марыя Пятрашка і кіраўнік дэпартаменту авіяцыі Беларусі Арцём Сікорскі.

«Увогуле, што мы маем. Мы дакладна нават не ведаем хто менавіта даў інфармацыю «The New-York Times» і ці не выдуманы гэта Дыспетчар. Няма канкрэтных фактаў, ніхто, акрамя яго, не названага персанажа, не бачыў гэтага супрацоўніка КДБ, нідзе не зафіксаваны запіс яго голасу» – абурыўся Сікорскі.

Дыспетчар не такі ўжо і «не названы» персанаж. У публікацыі ёсць яго прозвішча Алег Галегаў. Толькі суразмоўцы ў эфіры яе ні разу не назвалі. Хоць, Арцём Сікорскі павінен ведаць, ці працаваў у Нацыянальным аэрапорце Дыспетчар з такім прозвішчам.