Ва Украіне абражаюць ветэранаў тым, што перапісваюць гісторыю і зносяць помнікі
Пакуль у Беларусі спрабуюць знесці помнік паэтцы Ларысе Геніюш «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці», супрацоўніца «Беларусь-1» Кацярына Ціхамірава ў сваім «Кацюшыным разліку» пераконвае гледачоў, што ва Украіне перапісваюць гісторыю, зносяць помнікі і гэтым крыўдзяць ветэранаў.
«Апошняе дзесяцігоддзе ўкраінскія ўлады старанна перапісвалі ўласную гісторыю і працягваюць гэта рабіць да гэтага часу. Спачатку быў ленінапад, потым дабраліся нават да магіл тых, хто вызваляў Украіну ад прыгнёту нямецка-фашысцкага захопніка».
Далей яна дэманструе пажылога мужчыну з медалямі і на мыліцах.
«Я ж ваяваў, я ж у крыві ляжаў... руку адарвала, дзве дзіркі ў галаве... нагу... завошта ж я ваяваў скажы, таварыш палкоўнік?!», - кажа ён.
Усё выглядае так, нібы дзядуля-франтавік глыбока засмучаны зносам помнікаў Леніну і воінам-вызваліцелям ва Украіне. Але, як аказалася, гэтае відэа з ветэранам не мае ніякага дачынення да зносу помнікаў.
Арыгінальнае відэа размешчана на ютуб-канале «Тэлеканал КотТВ» і называецца «Ветэран-бомж і Прэзідэнт Парашэнка». І выкладзена ў сетку яно было яшчэ 26 кастрычніка 2014 года. Гэта значыць, канал «Беларусь-1» уставіў у сюжэт кавалак з відэа васьмігадовай даўніны.
А цяпер даведаемся з-за чаго насамрэч так руйнаваўся дзядуля. У гэтым жа відэа ёсць такі ўрывак:
«– Вы тут кагосьці чакаеце?
– Так, прэзідэнта чакаю. ён мне сказаў, ва Умані, было 10 тысяч людзей, ён мяне пиднял з натоўпу, гэта 20 траўня, і сказаў што я вам дапамагу. Дык вось я яго чакаю і хачу спытаць дапаможа ён мне ці не».
Дзядуля чакае тады новаабранага прэзідэнта, які яму абяцаў дапамагчы. Пётр Парашэнка і праўда ў траўні 2014 года быў ва Умані — ён тады яшчэ быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта. І прыехаў выступіць на перадвыбарчым мітынгу. А ў кастрычніку пабываў у Адэсе, дзе і было знята гэтае відэа.
Ветэран на відэа — інвалід 1-й групы Мікалай Іванавіч Скалеўскі, які, паводле яго слоў, 20 гадоў стаіць у чарзе на кватэру і ўсё не можа яе атрымаць.
«Дваццаць гадоў дамагаюся кватэры, я бамж. У мяне жонка інвалід першай групы»
Хаця сярод Адэскіх валанцёраў, якія яго добра ведаюць, пагаворваюць, што гэта ўсё не зусім праўда. Калі верыць не словам, а дакументам, то інваліднасць дзядуля атрымаў яшчэ ў дзяцінстве, якое прыпала на гады вайны. Тады яму было 10 гадоў — і няма інфармацыі, што ён у такім узросце ўжо ваяваў. А без жылля ён застаўся таму, што прадаў свой дом, пераехаў у 2007 годзе ў Адэсу і стаў патрабаваць сабе кватэру.
Але сутнасць нават не ў гэтым. Дзядуля ва Украіне вядомы яшчэ і тым, што выказваў сваю падтрымку лідэру ўкраінскіх нацыяналістаў Алегу Цягнібоку.
«Перадайце Цягнібоку, што я за яго буду... Перадайце. Я не туды страляў — трэба было сюды страляць».
Гэта значыць, па-першае, франтавое мінулае дзядулі пад сумневам. Па-другое, гаворыць ён зусім не пра тое, што яму прыпісала беларускае тэлебачанне. А ў трэціх — ён наўрад ці супраць ленінапада, таму што з'яўляецца прыхільнікам украінскіх радыкалаў з партыі «Свабода».