Баявыя ўзнагароды Украіны — нацысцкія
Баявыя ўзнагароды Украіны практычна адзін у адзін капіююць нацысцкія. Пра гэта ў перадачы «Клуб Рэдактараў» на «Беларусь-1» паведаміў кіраўнік тэлеканала Іван Эйсмант.
«Ваеннаслужачым 52 брыгады ВСУ ўручылі ўзнагароды на гэтым тыдні. Называюцца "Сталёвыя крыжы". Нічога вам не нагадваюць? Давайце паглядзім, ёсць у нас фатаграфія. Справа, дарэчы, нацысцкі крыж, а злева украінскі. Не моцна адрозніваюцца».
Гэта не праўда. Па-першае, вайскоўцам не 52 брыгады ВСУ, а 92-й. Па-другое, украінская баявая ўзнагарода «Сталёвы крыж» насамрэч выглядае так. А тое, што паказалі, гэта не дзяржаўная, а грамадская ўзнагарода. Яна называецца — знак народнай пашаны «Сталёвы крыж непераможных».
Але і ён куды менш падобны на нацысцкі, чым, напрыклад, многія расійскія ўзнагароды — Георгіеўскі крыж ДНР, Ордэн Святога Георгія Расійскай Федэрацыі, ордэн Аляксандра Неўскага, ордэн Мужнасці і інш.
Тэму нацысцкіх крыжоў падхапіў галоўны рэдактар галоўнай дзяржаўнай газеты «СБ Беларусь Сегодня» Дзмітрый Жук.
«Вы ведаеце, пасля таго, як Алексіевіч уручылі рэальны «Жалезны крыж», нічога дзіўнага».
У рэчаіснасці, узнагарода нацыстаў часоў Другой сусветнай вайны «Жалезны крыж» нікому не ўручалася з 1945 года. У ГДР яна і зусім была забаронена. А лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч уручылі ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія». Так, ён мае форму крыжа. Але, як мы пераканаліся вышэй, многія ўзнагароды ў свеце маюць такую форму.
Аднак у Івана Эйсманта знайшліся яшчэ прыклады:
«Дарэчы, пастаўляюць якую тэхніку на Украіну. Калі там ёсць ветэраны Вялікай айчыннай вайны, яны гэта бачаць, не пазайздросціш. Глядзіце, з якімі малюнкамі ездзяць. Ці ёсць на гэтым відэа. Гэта Брэсцкая крэпасць. Чысты Вермахт. Чысты Вермахт».
Насамрэч гэта чысты Бундэсвер, гэта значыць узброеныя сілы Нямеччыны. І з моманту іх стварэння, гэта значыць з 1955 года, іх сімвалам з'яўляецца жалезны крыж. Адпаведна, на сваю ваенную тэхніку яны наносяць апазнавальны знак у выглядзе чорнага крыжа з белымі палосамі. Ён адрозніваецца ад таго крыжа, які выкарыстоўвалі нацысты. У час вайны крыж быў роўны. А сучасны — пашыраецца да бакоў. І калі Бундэсвер аддае Украіне сваю тэхніку, то цалкам натуральна, што яна паступае з нямецкім апазнавальным знакам.
Дарэчы, у розных варыяцыях ён існаваў яшчэ да вайны, яму ўжо больш за 200 год.