Антыфэйк / фактчэк

18 лютага 2022

Фэйкі тыдня: Пуставы вырашыў працытаваць Пушкіна і аблажаўся

Працытаваны Пуставым верш зусім не падобны на Пушкіна. Насамрэч гэты «твор» называецца «Водпаведзь» і напісаў яго не Пушкін, а нейкая Ніна Анцюшкіна.

Аўтары:
Рэдактары:
Супрацоўнік СТВ Яўген Пуставой паспрабаваў даказаць, што яшчэ з часоў Пушкіна тыя, хто жыве на захад ад Буга, ставіліся да нас звысоку. У доказ вырашыў працытаваць твор класіка:

«Дык вось гэтая літаратурная шасцёрка-козыр адным вершам пабіла ўсе геапалітычныя партыі тады яшчэ адукаванага, а зараз проста калектыўнага захаду.

“Разбойна нападалі,

неміласэрна нішчылі,

ну а зараз маралі нас захацелі вучыць”.

Класіка літаратуры».

Працытаваны Пуставым верш зусім не падобны на склад Пушкіна. Насамрэч гэты «твор» называецца «Водпаведзь» і напісаў яго не Пушкін, а нейкая Ніна Анцюшкіна.

Класікай літаратуры яно ніяк не паспела стаць, бо было апублікавана ёю ў 2021 годзе. У тэксце верша нейкай Анцюшкінай нават ёсць згадка пра «штампаванне майданаў». Ці наўрад Пушкін нешта мог ведаць пра майданы.

Адзінае, што звязвае гэты верш з Пушкіным, гэта тое, што Анцюшкіна, паводле яе слоў, натхнілася адным з яго вершаў, які называўся «Паклёпнікам Расеі».

Праўладны Беларускі саюз журналістаў злавіў TagesSpiegel у фэйку  

Беларускі саюз журналістаў абвінаваціў нямецкую газету TagesSpiegel у размяшчэнні фейку. Дакладней, зрабіў гэта ў сваім твітары расейскамоўны журналіст у Нямеччыне Аляксандр Сасноўскі, а БСЖ перапосьціў ягоныя словы.

«Асцярожна! Fake News у нямецкім выкананні

Нямецкая TagesSpiegel дала ілюстрацыю амерыканскага грузавога самалёта пад загалоўкам "Расія размяшчае баявыя самалёты на мяжы з Польшчай". На фота амерыканскі Трансал, якім перакідваюць вайскоўцаў ЗША з Нямеччыны ў Польшчу».

І далей той самы Сасноўскі растлумачыў, што ж не так на той фотцы. 

«Сэнс у падмене. Пішуць пра магчымую агрэсію Расіі, але паказваюць амерыканскі ваенны самалёт. Чытач будзе перакананы, што гэта і ёсць пацвярджэнне загалоўка. Далей усё роўна ніхто не чытае. Гэта псіхалагічны трук. Будзьце пільныя!»

Гэта значыць Сасноўскі лічыць, што зараз з-за гэтага так званага псіхалагічнага трука з фота нямецкі чытач будзе думаць, што менавіта так выглядаюць баявыя самалёты Расіі. На яго думку, верагодна, трэба было размясціць фота - расейскі СУ-25. І, канешне, Беларускі саюз журналістаў не мог прайсці паўз такі абуральны падман.

Ну, а калі сур'ёзна, падобна, што БСЖ публікацыю далей за першую прапанову, сапраўды, не чытаў. Таму што ўжо ў другім сказе ўсё таго ж асуджанага загалоўка гаворка ідзе пра ЗША і пра тое, што яны перакідваюць сваіх салдат у Польшчу. Фота амерыканскага ваеннага транспартнага самалёта, у гэтым выпадку, адпавядае зместу. Роўна як і загаловак. Аб прыбыцці расійскіх знішчальнікаў паведамляе і расійскае дзяржаўнае тэлебачанне.

«Расійскія знішчальнікі Су-35С, якія вылецелі з Хабараўскага краю для ўдзелу ў вучэннях Саюзная рашучасць, прыбылі ў Беларусь».

Уладзімір Салаўёў не мяняе перакананняў 

У інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Салаўёў завёў размову пра Пратасевіча. І заявіў, што ставіцца да яго з падазрэннем. 

«Мяне проста бянтэжаць людзі, якія ў секунду мяняюць свае перакананні. Толькі сеў у самалёт і ў яго адразу памяняліся перакананні». 

Падобна, што ўсё ж такі Уладзімір Рудольфавіч тут хітруе. Таму што па нашай інфармацыі - такія трансфармацыі Салаўёва зусім не бянтэжаць. Мы выкрылі ў іх і яго самога. 

Вось ён у 2000-ых падтрымлівае журналісцкі калектыў тэлеканала НТВ, які пратэставаў супраць прызначэння новага кіраўніцтва. 

Але праз 20 гадоў Уладзімір Салаўёў трансфармаваў сваё меркаванне аб тагачасным НТВ пад афіцыйную версію. 

«Хлопцам сказаў гаспадар, а тады гаспадар у іх быў Гусінскі, і хлопцы гаўкалі. Гаўкалі ў 1996, калі ўсе ўсё разумелі, але ім трэба было мачыць камуністаў і Зюганава, каб выцягнуць.. Рабятам сказалі, і яны гаўкалі па ўсіх карпаратыўных канфліктах».

У 2008-ым Салаўёў пагражаў Украіне заняцца Крымам. 

«Нядоўга падыхайце, пакуль мы не заняліся вашым Крымам і ўсходам Украіны».

А праз пяць гадоў ужо тлумачыў, чаму нельга адбіраць у Украіны паўвостраў. 

«Пра Крым адказваю. Значыць, чаму нельга вяртаць Крым. А чаму Крым? А чаму не Фінляндыю? Фінляндыю аддаў Уладзімір Ільіч Ленін. Яна таксама была наша. А чаму не Польшчу? Яна перайшла пасля падзелу, які быў. А чаму не сярэднеазіяцкія рэспублікі - Грузію, Арменію? А чаму мы пагадзіліся з раздзелам 1991 года? Давайце ўвогуле сабе збярэм рускую імперыю ў межах 1905 года. З якога моманту гісторыі мы будзем лічыць што можна, а што нельга? 

Салаўёў нават асуджаў афіцыйны Менск за стаўленне да пратэстоўцаў пасля выбараў у Беларусі.

«Караеў, вы генерал Караеў і ваш галоўнакамандуючы Лукашэнка, а калі вы Сямёна Пегова збівалі, калі паказваюць вашыя СІЗА, адкуль крыкі раздаюцца ад болю, дык вы там людзей б'яце, гэта таксама ў запале моманту нехта не адышоў убок? А калі кожны затрыманы разроблены так, што ён проста як быццам у мяснікоў пабываў на прыёме».

А таксама смела і рэзка Салаўёў расказваў праўду пра смерць Тарайкоўскага ў жніўні 2020. Ён у дэталях раскладваў па відэа, як Лукашэнка хлусіць аб тым, што ў руках у мужчыны была выбухная прылада.

«Зьявілася некалькі відэа, давайце іх пакажам. Відэа гэтага моманту. Моманту, калі вось ён у белай майцы, вось ён ідзе, вы бачыце, у яго рукі наверсе, у руках нічога няма. Далей дзіўная ўспышка, з гэтага ракурсу бачна так».

У лютым 2022 Салаўёў ужо спакойна слухае, як Лукашэнка расказвае чарговую версію смерці Тарайкоўскага, не пярэчыць яму, а ў якасці відэашэрагу да апавядання Лукашэнка выбірае зусім левыя кадры з пратэстаў, дзе няма моманту з забойствам мужчыны. 

«Як? Трайкоўскі. Як ён загінуў. Ён падхапіў гранату светлашумавую, гэта ж ніхто не бачыў у натоўпе. Праваахоўнікі кідалі, ён падхапіў і замахнуўся кінуць яе назад. Ну а ў АМАПаўцаў рэакцыя якая. Тамака не разгледзіш, тым больш гэта было ўначы. Яны ўбачылі і адразу на паражэнне». 

Як бачым, погляды і перакананні  Уладзіміра Салаўёва мяняюцца з зайздроснай рэгулярнасцю.

Украінцы зарабляюць менш чым беларусы 

Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў разбіць у пух і прах эканамічныя поспехі Украіны, з-за якіх сярэдні заробак кіяўляніна ў 990 долараў у эквіваленце абагнала заробак мінчука ў 950 долараў. Як доказ аўтары канала прыводзяць тое, што медыяны заробак ва Украіне значна ніжэйшы за сярэдні. Вось што пішуць «Жоўтыя слівы»: 

«Гэта значыць еўрамайдан перамог беларускі эканамічны цуд. Шах і мацюк і іншыя прыблуды. Палезлі разбірацца і вось што высветлілі.

Паводле дадзеных сэрвісу па падборы персаналу grc.ua, які засноўвае свае дадзеныя на рэальных прапановах працадаўцаў, сярэдняя зарплата ў Украіне па выніках года склала 18 тыс. грн. (гэта 642 долары ў эквіваленце). А вось медыяны заробак, па дадзеных rabota.ua, на канец студзеня і зусім складае 15 тыс. грн (535 даляраў) па Кіеве і 13, 5 тыс. грн (481 даляр) па ўсёй Украіне.

Карацей, разыходзімся». 

Давайце спачатку разбяромся, што такое медыяны заробак: гэта сярэдзінны заробак, палова працаўнікоў у краіне атрымлівае заробак вышэй за гэтую суму, а другая палова - ніжэй. Яна лічыцца больш аб'ектыўным паказчыкам, чым сярэдні заробак.

Але развянчваючы міф пра высокія ўкраінскія заробкі, «Жоўтыя слівы» забыліся параўнаць медыянныя заробкі з беларускім паказчыкам. 

Па апошніх звестках Белстата на лістапад 2021 года яна складала 1096 рублёў. Што ў эквіваленце складае 430 долараў - на 50 ніжэй, чым ва Украіне. А калі ацэньваць сярэдні заробак па Рэспубліканскай базе вакансій, то там з амаль 100 тысяч прапаноў працы палова з заробкам ад 800 рублёў. А гэта і зусім усяго 311 долараў. 

Нагадаем, ва Украіне «Жоўтныя слівы» налічылі медыяны заробак 480 долараў. 

Атрымліваецца, што Ўкраіна, якую дзяржСМІ Беларусі і Расеі прадстаўляюць як жабрацкую краіну, разарваную вайной, як ні круці, усё роўна абагнала па заробках шчасную і стабільную Беларусь.