Фэйк №1: Кіраўнік украінскай выведкі збіраецца знішчыць 3 млн жыхароў Крыму
Дата фэйку: 24.05.2023
У чаканні ўкраінскага контрнаступу ў расейскіх і беларускіх медыях працягвае нарастаць напружанне. Пасля чарговай дыверсіі ў Крыме, якая адбылася 18 траўня, гэтым разам на чыгунцы, у эфіры праграмы «Аб'ектыўна» беларускага дзяржаўнага тэлеканалу АНТ заявілі, што ўлады Украіны збіраюцца фізічна знішчыць тры мільёны нелаяльных жыхароў тэрыторый, якія вернуцца пад украінскі кантроль. У пацвярджэнне 24 траўня паказалі ўрывак інтэрв'ю з начальнікам Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылам Буданавым. У ім гучаць такія словы:
Журналіст: У якое месца ў Крыме вы паедзеце пасля перамогі?
Буданаў: У Севастопаль. Адназначна, у Севастопаль. Гэта мой родны горад. Я нарадзіўся ў Кіеве, усё маё дзяцінства прайшло там.
Журналіст: тры мільёны не вельмі лаяльных людзей вернецца...
Буданаў: Гэта не проста нелаяльныя — гэта людзі з перайначанай псіхікай ужо.
Журналіст: І што з імі рабіць?
Буданаў: Усё вельмі проста. Прыцягненне да справядлівай адказнасці. Справядлівая адказнасць, у нашым разуменні, для пэўных людзей і іх учынкі можа быць толькі фізічнае знішчэнне.
Аналагічнае відэа чатырма днямі раней апублікаваў тэлеграм-канал «ЖС прэміўм».
Насамрэч гэта мантаж з розных урыўкаў інтэрв'ю Кірыла Буданава ютуб-каналу «Свет навыварат». Калі кіраўнік выведкі Украіны ў ім казаў аб фізічным знішчэнні, гаворка ішла пра вінаватых у масавых забойствах і згвалтаваннях мірнага насельніцтва ў Бучы. Вось як гэта гучала ў арыгінале:
Журналіст: Мы ўжо ведаем некаторыя асобы, якія звярэлі ў Бучы, вы іх таксама агалошвалі.
Буданаў: Кніга катаў, так, яна аднаўляецца.
Журналіст: Нават на сайце ГУВа [Галоўнае ўпраўленне выведкі — рэд.] ёсць раздзел «Ворагі». Якія далейшыя планы?
Буданаў: Вельмі проста: прыцягненне да справядлівай адказнасці. Справядлівая адказнасць, у нашым разуменні, пэўных людзей за іх дзеянні можа быць толькі фізічнае знішчэнне.
А вось што насамрэч Буданаў казаў пра тры мільёны нелаяльных людзей:
Журналіст: Апроч таго, што тры мільёны не вельмі лаяльных людзей вернецца…
Буданаў: Гэта не лаяльныя, а людзі з перайначанай псіхікай. Гэта не ідэалогія, а псіхіка.
Журналіст: І што з імі рабіць?
Буданаў: Тых, каго можна, — перавыхоўваць.
Журналіст: Пугай ці пернікам?
Буданаў: Усім — і пугай, і пернікам. Адно без другога не працуе.
Такім чынам, кіраўнік украінскай выведкі нічога не казаў аб фізічным знішчэнні жыхароў Крыму.
Яшчэ адна неадпаведнасць — на паўвыспе жыве менш за тры мільёны чалавек. Паводле апошняга перапісу насельніцтва — 1,9 млн.