У мінулых выпусках мы ўжо рабілі выкрыццё аб гэтым афганскім прадказальніку — папулярным сёння ў Расеі, таму што ён зараз прарочыць Украіне паражэнне ў вайне. Як аказалася яго прадказанні спраўджваюцца вельмі рэдка.
Цяпер Сідзік Афаган сцвярджае, што землятрус у Турцыі быў штучным. І выклікаў яго, паводле яго слоў, нейкі камітэт, які супраць чалавецтва. Ці наўрад гэтаму варта верыць, асабліва ўлічваючы, што ён піша хлусню нават аб сабе на сваім жа сайце.
«Махамед Сідзік Афган — афганскі філосаф і матэматык. Адзін з найвялікшых геніяў свету, унесены ААН і Юнэска ў Спіс здабытку чалавецтва», — гаворыцца на яго рускамоўным сайце.
У Юнэска, вядома, шмат спісаў, але ніводны з іх не называецца Спісам здабытку чалавецтва. Ёсць, напрыклад, спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і спіс Сусветнай спадчыны.
Англамоўны сайт прадказальніка абвяшчае, што гаворка аб World Heritage List — гэта значыць, у спісе Сусветнай спадчыны Юнэска.
Вось гэты спіс на сайце Юнэска. І першым жа радком ідзе Аўганістан. Там Юнэска ахоўвае толькі два аб'екты — Мінарэт і археалагічныя знаходкі Джэма, а таксама культурны ландшафт і археалагічныя помнікі даліны Баміян. Ніякага Сідзіка Афгана ў спісе няма.
Больш за тое, ва ўсім спісе ўвогуле няма людзей. Таму што гэта спіс пра іншае:
«Сусветная спадчына — гэта абазначэнне месцаў на Зямлі, якія ўяўляюць выбітную ўніверсальную каштоўнасць для чалавецтва і, як такія, былі ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны, каб быць абароненымі для будучых пакаленняў, каб яны маглі шанаваць і атрымліваць асалоду».
Вось, напрыклад, ад Беларусі ў спіс увайшлі Мірскі і Нясвіжскі замкі, дуга Струвэ і Белавежская пушча.
Сідзіка няма і ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Юнэска. Там толькі два святы Наўруз і Чэла і традыцыі шаўкаводства. Што ўвогуле цалкам прадказальна, таму што Сідзік цалкам сабе матэрыяльны. І нават прыдумаў сабе гучны піяр на Юнэска.