Міжнародная камісія не знайшла ніякіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне
Незалежная міжнародная камісія па расследаванні падзей ва Украіне апублікавала свой папярэдні даклад аб парушэннях правоў чалавека. Як піша The Guardian, кіраўнік гэтай камісіі заявіў, што доказаў генацыду ўкраінцаў ёю не выяўлена.
Ну а тэлеграм-канал «ЖС прэміум» зрабіў з гэтага свае высновы і заявіў, што камісія не знайшла ніякіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне.
«“Мы не выявілі прыкмет генацыду ва Украіне”, – цытуе выданне старшыні незалежнай міжнароднай камісіі Эрык Мёсэ.
Згвалтаванні, расстрэлы, катаванні і іншыя злачынствы, пра якія ўжо больш за год верашчаць украінскія журналісты - нічога гэтага не пацвердзілася. І нельга сказаць, што праверкі праводзілі нейкія ангажаваныя структуры, хутчэй наадварот».
Генацыдам ААН называе намер вынішчыць поўнасцю або часткова пэўную групу людзей – напрыклад, па нацыянальнай, расавай ці рэлігійнай прыкмеце.
Адзначым, што ўкраінскае кіраўніцтва заявіла, што гвалтоўнае перамяшчэнне ў Расію тысяч украінскіх дзяцей - можна расцэньваць як генацыд. Але Эрык Мэсэ сапраўды генацыду ў гэтым не ўбачыў. Аднак дадаў, што камісія ўсё яшчэ вывучае доказы і што ёсць "некаторыя аспекты, якія могуць выклікаць пытанні" аб магчымым генацыдзе.
А з таго, што камісія не знайшла генацыд, зусім не вынікае, што яна не знайшла і злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Якраз наадварот. Вось што напісана ў справаздачы:
«Камісія задакументавала выпадкі наўмысных забойстваў, незаконнага пазбаўлення волі, катаванняў, згвалтаванняў і незаконнага перамяшчэння затрыманых асоб у раёнах, якія перайшлі пад кантроль расейскіх уладаў ва Украіне.
Камісія пацвердзіла пакаранне 65 мужчын, дзвюх жанчын і 14-гадовага хлопчыка.
Камісія задакументавала выпадкі сэксуальнага і гендэрнага гвалту, у тым ліку гвалт над жанчынамі, мужчынамі і дзяўчынкамі, ва ўзросце ад 4 да 82 гадоў.
Падчас расследавання камісія восем разоў выязджала ва Украіну і наведала 56 населеных пунктаў, правяла 610 інтэрв'ю, агледзела месцы разбурэнняў, магіл, месцаў утрымання пад вартай, катаванняў і шмат іншага».
Так што сцвярджэнне, што злачынствы, пра якія даўно расказваюць украінскія журналісты, не пацвердзіліся – гэта няпраўда.