Еўрапейскі турбізнес нясе страты, а беларускі квітнее
Беларусь становіцца папулярным турыстычным напрамкам, а еўрапейскія тураператары нясуць страты. Артыкул з такім загалоўкам і сэнсам выйшаў на сайце «СБ Беларусь Сегодня».
«Па папярэдніх прагнозах, ад палітыкі «зачыненых дзвярэй» еўрапейскі турбізнес у мінулым годзе страціў больш за 20 мільярдаў еўра. Значныя страты нясуць Іспанія, Грэцыя, Кіпр, Італія, Балгарыя і Фінляндыя. У прыватнасці, Інстытут турызму Іспаніі ўжо аб'явіў аб стратах, роўных прыблізна 1,4 мільярда еўра. Уладальнікі турыстычнай інфраструктуры з сумам успамінаюць аб былых прыбытках».
Насамрэч інфармацыя пра страчаныя 20 мільярдаў еўра не адпавядае рэчаіснасці. Па дадзеных Сусветнай турысцкай арганізацыі, вынікі турыстычнага года ў Еўропе перасягнулі ўсе чаканні. Трафік турыстаў дасягнуў 80% дапандэмійнага ўзроўню, гэта самы ўдалы год пасля 2019-га.
Па колькасці начлегаў турыстаў у Еўропе да ўзроўню 2019 не хапіла ўсяго нічога — толькі 5 працэнтаў. Хутчэй за ўсё нарасцілі свой турыстычны паток замежных турыстаў Данія, Харватыя і Люксембург, больш складана прыйшлося Літве, Латвіі і Славакіі.
Расейцаў на замежных курортах сапраўды не далічыліся. Але, напрыклад, гэта не перашкодзіла Іспаніі зарабіць на турызме нават больш, чым у 2019 годзе.
А вось у Расіі, у параўнанні з 2019 годам, турызм асеў моцна. Летась замежнікі здзейснілі туды каля 10 мільёнаў паездак. Гэта ў 2 з паловай разы менш, чым у 19 годзе.
Што датычыцца Беларусі — колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь у 2019 годзе склала больш як 4 млн. 924 тыс. А за 10 месяцаў 2022 года Беларусь наведалі толькі 1 мільён 163 тысячы іншаземцаў. Атрымліваецца, што турызм асеў у нас амаль у 4 разы, хаця летась і назіраўся невялікі (менш чым на чвэрць) рост.
Такім чынам, турызм у Беларусі аднаўляецца ў разы больш павольна, чым у Еўропе.