Антыфэйк / фактчэк

28 кастрычніка 2022

Фэйкі тыдня: Армія Лукашэнкі – «адна з самых баяздольных на кантыненце»?

У Беларусі адна з самых баяздольных войскаў Еўразіі – пра гэта заявіла супрацоўніца «АНТ» Марына Караман

Аўтары:
Рэдактары:
У Беларусі адна з самых баяздольных войскаў Еўразіі – пра гэта заявіла супрацоўніца «АНТ» Марына Караман:

«Тут, як і ў шмат якіх сферах жыцця Беларусі, усё вырашае падыход. Нават ваенныя эксперты Еўразвяза прызнаюць, што пры невялікіх выдатках у нас адна з баяздольных войскаў кантынента».

У сваёй гучнай заяве аб баяздольнасці войска РБ супрацоўніца лукашэнкаўскага тэлеканалу спасылаецца на «ваенных экспертаў Еўразвяза».

У рэйтынгу Global Firepower 2022 года Беларусь са сваім войскам знаходзіцца толькі на 52 месцы сярод 142 войскаў свету.

ICDS увогуле лічыць, што найбольшую карысць можа прынесці не лукашэнкаўская армія, а тэрыторыя Беларусі.

«Беларускія ўзброеныя сілы абмежаваныя недахопам інвестыцый, нізкім узроўнем укамплектавання персаналам і ў асноўным абсталяваннем савецкага паходжання. У ваенны час могуць мабілізаваць значную колькасць рэзервістаў для ўкамплектавання існуючых падраздзяленняў і стварэння дадатковых падраздзяленняў, але, магчыма, іх найбольш важным укладам будзе іх здольнасць служыць лагістычным цэнтрам і прымаючай краінай для падтрымкі ваенных дзеянняў Узброеных сіл Расеі на тэрыторыі Беларусі», – гаворыцца ў публікацыі ICDS.

Лукашэнка страціў 1 мільён беларусаў

Беларусь толькі зусім нядаўна аднавіла даваенную колькасць насельніцтва, заявіў пісьменнік Мікалай Чаргінец у эфіры тэлеканала «Беларусь-1».

«Хіба можам мы забыцца, нават тыя людзі, якія не бачылі той жахлівай ВАВ тое, што тварылі фашысты на нашай зямлі. Гэта да гэтага часу адбіваецца. Зусім нядаўна мы выйшлі да таго паказчыка па колькасці насельніцтва, якое было да вайны».

Гэта не праўда. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, якія можна знайсці на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 1941 годзе ў Беларусі пражывала 9 мільёнаў 92 тысячы чалавек. Пасля вайны, у 1950-м годзе насельніцтва скарацілася да 7 млн 700 тысяч. 

Але ўжо ў 1972 годзе, праз 30 гадоў, вярнулася да даваеннага ўзроўню - 9 млн 118 тысяч чалавек. То бок, гэта адбылося яшчэ 50 гадоў таму. Вядома, зусім нядаўна - гэтае паняцце расцяжнае. Аднак не настолькі.

Але вось што цікава. Падобна, хутка мы сапраўды зноў вернемся да таго самага даваеннага ўзроўню, у сэнсе, што апусцімся да яго. Справа ў тым, што Беларусь дасягнула піка па колькасці насельніцтва ў 1994 годзе, тады тут пражывала 10 мільёнаў 244 тысячы чалавек. І з таго часу колькасць беларусаў толькі змяншаецца. І паменшылася ўжо на мільён. На пачатак гэтага года ў Беларусі налічвалася 9 млн 255 тыс чалавек. Яшчэ мінус 150 тысяч - і вось тады Мікалай Чаргінец мае рацыю.

Еўрапейскія лідэры ў крызіс не робяць нічога, каб падтрымаць сваіх грамадзян

Пакуль Аляксандр Лукашэнка кантралюе цэны, еўрапейскія лідары ў крызіс не робяць нічога, каб падтрымаць сваіх грамадзян. У гэтым у эфіры «Беларусь-1» спрабавала пераканаць гледачоў кіраўнік тэлеканала «Мір» Вольга Шпілеўская.

«Улада жыве асобна, народ жыве асобна. І спадзяванні народа - гэта даўно не спадзяванні ўлады. Абсалютна. Элементарны прыклад. У нас праходзіць нарада, на якой прэзідэнт гаворыць аб коштах. Ён кажа аб тым, што мы не павінны дазволіць цане падняцца ні на капейку, ён у гэтым разбіраецца, мы глядзім, каб кошты гэтыя ні ў якім разе не раслі, каб для людзей усе тавары былі даступныя. І што гавораць еўрапейскія лідэры сваім выбаршчыкам? Патрываеце, не мыйцеся, выключайце святло і свае жыроўкі адпраўляйце Пуціну. Бо гэта ён вінаваты, што вы дрэнна жывяце».

Гэта маніпуляцыя. Кошты на прадукты ў Еўропе падвышаць не забараняюць, але падтрымку насельніцтву ў крызіс аказваюць. Напрыклад, Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя абмяжоўваюць кошты на газ і электраэнергію. Італія і Іспанія маюць намер абкласці энергетычныя кампаніі дадатковым падаткам, каб дапамагчы спажыўцам аплачваць рахункі.

Італьянцам з даходам ніжэй за вызначаны ўзровень выплачваюць 150 еўра бонуса на электраэнергію і 60 еўра на аплату транспарту. Французам выплачваюць па 100 еўра.

Германія адначасова выплачвае пенсіянерам па 300 еўра, студэнтам па 200, а сем'ям з дзецьмі павялічыла дзіцячыя дапаможнікі.

Вялікабрытанія дае зніжку ў 400 фунтаў пры аплаце рахункаў за энергію, плюс абмежавала кошт газу так, каб гадавыя рахункі хатніх гаспадарак не перавышалі 2500 фунтаў стэрлінгаў. У сярэднім павінна атрымацца 1000 фунтаў эканоміі. Пакуль такая схема разлічана да вясны. 

Такім чынам, Вольга Шпілеўская свядома падманвае гледачоў.

Еўропа хоча адгарадзіцца ад астатняга свету плотам

Еўропа - гэта сад, увесь астатні свет - джунглі, і Еўропа хоча выразаць гэтыя джунглі. Гэты кароткі змест прамовы палітолага Аляксея Бяляева на «Беларусь-1», якой ён спрабаваў сваімі словамі растлумачыць гледачам заяву кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза Жазэпа Барэля. 

«Бяляеў: Любімы вамі спадар Барэль зрабіў выдатнае параўнанне. Выступаючы ўчора ў акадэміі дыпламатычнай, ён расказаў такое, ад чаго мы сёння не ведаем як рэагаваць. Ён сказаў, што Еўропа - гэта выдатны сад, які мы апрацоўвалі, дзе мы ўсё стварылі для сябе. Увесь астатні свет - гэта джунглі. Пасля тонка намякнуў дыпламатам, што з гэтымі джунглямі нам трэба змагацца. Як змагаюцца з джунглямі? Выразаюць, высякаюць, каб яны не падыходзілі… Безумоўна, Еўропа - сад, які аддзелены ад усяго астатняга свету плотам, сур'ёзным, яны гэтыя платы зараз выстойваюць». 

Аднак гэтым пераказам ён цалкам пераблытаў сутнасць сказанага Барэлем. Вось што еўрапейскі палітык сказаў у арыгінале:

«Так, Еўропа - гэта сад. Мы пабудавалі сад. Усё працуе. Гэта лепшае спалучэнне палітычнай свабоды, эканамічнага росквіту і сацыяльнай згуртаванасці, якое ўдалося пабудаваць чалавецтву, - тры рэчы разам. Астатні свет - і ты гэта выдатна ведаеш, Федэрыка - не зусім сад. Большая частка астатняга свету - гэта джунглі, а джунглі могуць уварвацца ў сад. Садоўнікі павінны клапаціцца пра гэта, але яны не будуць абараняць сад, узводзячы сцены. Прыгожы невялікі сад, акружаны высокімі сценамі, каб прадухіліць пранікненне джунгляў, не будзе рашэннем. Таму што джунглі маюць моцную здольнасць да росту, і сцяна ніколі не будзе дастаткова высокай, каб абараніць сад. Садоўнікі павінны адправіцца ў джунглі. Еўрапейцы павінны значна больш узаемадзейнічаць з астатнім светам». 

Атрымліваецца насамрэч Барэль, наадварот, кажа, што плот не вырашыць праблемы і не трэба адгароджвацца, а еўрапейцам трэба больш узаемадзейнічаць з астатнім светам.

Азаронак палохае беларусаў голымі жанчынамі 

У Беларусі новае свята - дзень Бацькі, а еўрапейцы адракліся ад бацькі, таму сталі апантаныя, сцвярджае Рыгор Азаронак у сваёй аўтарскай перадачы на СТВ, дэманструючы відэа з аголенымі жанчынамі.

«Паглядзіце на некалі каталіцкую Іспанію… Гэта называецца апантанасць. Без цара ў галаве. Цывілізацыя смерці. Яны выракліся бацькі. А ў Беларусі новае свята - дзень Бацькі». 

Насамрэч, відэа, якое паказаў Рыгор, знята не ў Іспаніі, а ў Аргенціне. А па-другое, гэта не апантанасць, а акцыя пратэсту супраць забойстваў жанчын. Відэа знята 5 гадоў таму - у маі 2017 года. Вось яно

Як пісала тады прэса пра гэтыя акцыі, кожныя 25 гадзін у Аргентыне ў выніку гвалту памірала жанчына. І акцыя ставіла за мэту прыцягнуць увагу грамадства да гэтай праблемы. Але Рыгор чамусьці назваў гэтых жанчын апантанымі.

Ну а далей з нагоды Дня бацькі, які сёлета пачалі адзначаць у Беларусі, Рыгор Азаронак папракнуў заходніх лідэраў у тым, што яны не маюць дзяцей, а значыць ім невядомыя і незразумелыя праблемы народа.

«Мы ўжо казалі, што ўсе лідэры захаду бяздзетныя, акрамя педафіла Бідона, які аддае перавагу ці то з дачкой, ці то з унучкай у ванную хадзіць. Ім невядомыя клопаты простых людзей, яны пагарджаюць плебсам, які капаецца ў пялёнках. Яны гамункулы, яны ўсе ГМА, галаграмы, пустышкі». 

Мабыць, пад словам «усе» Азаронак меў на ўвазе канцлера Германіі Олафа Шольца і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. У іх сапраўды няма дзяцей. Але калі ўзгадаць іншых заходніх лідэраў, імёны якіх на слыху ў Беларусі, то ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ёсць дачка, а ў прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага ўвогуле чацвёра дзяцей. У прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы дзве дачкі. У старшыні Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен сямёра дзяцей. Двое дзяцей у Жазэпа Барэля, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах. Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелані і прэм'ер-міністр Фінляндыі Санна Марын гадуюць дачок. А ў былога прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана ўвогуле чацвёра дачок і трое сыноў.