Супрацоўнік медыяў Андрэй Сыч напісаў у сваёй калонцы ў газеце «Менская праўда», што «Карта паляка» не апраўдала чаканні Польшчы і толькі каля тысячы яе трымальнікаў захацелі памяняць сваё грамадзянства на польскае.
«Тады Міхаіл Дворчык наракаў на тое, што рэпатрыяцыя палякаў на радзіму не дасягнула чаканых маштабаў: за ўвесь час дзеяння праграмы грамадзянства ў Польшчы атрымалі, паводле розных падлікаў, крыху больш за тысячу чалавек. Гэта пры тым, што ўладальнікамі карты да моманту абурэння Дворчыка сталі больш за 130 тысяч грамадзян Беларусі».
Не зразумела, Андрэй Сыч лічыць усе выпадкі атрымання грамадзянства ці толькі на падставе карты паляка, але ў Галоўнага ўпраўлення статыстыкі Польшчы іншыя звесткі. Толькі ў адным 2020 годзе грамадзянства Польшчы атрымалі звыш 2 тысяч беларусаў, а ў 2019-м - каля паўтары тысячы. Гэта значыць, за 10 гадоў беларусаў і беларусак, якія атрымалі польскае грамадзянства, стала ў 5 разоў больш.
Польская газета «Рэч Паспалітая» адзначае, што ў апошнія гады Польшча больш актыўна стала даваць грамадзянства іншаземцам, не толькі беларусам.
«Скачок з'яўляецца вынікам лібералізацыі правілаў прадастаўлення польскага грамадзянства замежнікам - Польшча не патрабуе іспыту па гісторыі ці палітычнай сістэме, як Нямеччына ці Вялікабрытанія, але чатыры гады таму яна ўвяла абавязацельства размаўляць па-польску.
Тэндэнцыя расце ў асноўным за кошт украінцаў і беларусаў, якія ўжо дзесяцігоддзе прыязджаюць на Віслу працаваць або вучыцца, а таксама за кошт лавіны карт палякаў, якія выдаюцца ў апошнія гады - іх уладальнікі могуць атрымаць грамадзянства ўжо праз год».
Далей Сыч даказвае, што зараз карту паляка стала атрымаць лягчэй - трэба толькі ўступіць у польскія грамадскія арганізацыі.
«Дык вось адносна апалячвання ўжо заходняй Беларусі: калі да знакамітай фразы Дворчыка аб рэкрутаванні новых палякаў для атрымання карты неабходна было праз архівы даказаць свае карані, то зараз яе выдаюць па рэкамендацыйным прынцыпе.
Цяпер для атрымання запаветнай карты беларусу дастаткова мець толькі жаданне, а ўжо для яго стымулявання ў Польшчы ніколі не скупіліся. Так, за некалькі гадоў да падачы дакументаў патрабавалася ўступіць у любое польскае НКА і актыўна сябе там праявіць. Увогуле, давесці, што ты падзяляеш польскія каштоўнасці і гістарычныя канцэпты».
Мабыць, Сыч наогул ніколі не чытаў закон аб Карце паляка. Так, там сапраўды ёсць такая падстава. Але яно там было заўсёды, з моманту прыняцця закона ў 2007 годзе, а не з'явілася «цяпер», як сцвярджае аўтар. Вось першапачатковая рэдакцыя 2-га артыкула закона, яшчэ без усялякіх змен, дзе гэта прапісана:
«прад'явіць пасведчанне польскай або польскай дыяспарскай арганізацыі, якое пацвярджае актыўны ўдзел у дзейнасці на карысць польскай мовы і культуры або польскай нацыянальнай меншасці на працягу як мінімум апошніх трох гадоў».
І дарэчы, з 2017 года атрымаць карту паляка стала наадварот складаней. Калі раней для гэтага дастаткова было даказаць, што продкі мелі польскае грамадзянства ці польскую нацыянальнасць, то пяць гадоў таму падставу па грамадзянстве адмянілі і пакінулі толькі па нацыянальнасці. І зрабілі гэта менавіта для таго, каб спыніць у Польшчу плынь тых, хто палякам не з'яўляецца, а проста хоча скарыстацца льготамі карты паляка.
Не абышлося ў гэтым пытанні і без кіраўніка таварыства «Веды» Вадзіма Гігіна. Ён пачаў даказваць, што Польшча праз карту паляка прэтэндуе на частку тэрыторыі Беларусі і Украіны.
«Давайце, па-першае, паглядзім, што такое карта паляка. Яна ўводзіцца толькі на ўсход ад польскіх меж. Палякі ў вялікай колькасці пражываюць як эмігранты ў Германіі, Францыі, Брытаніі, ЗША, але на іх не распаўсюджваецца карта паляка. Такім чынам, гэта не спроба абараніць польскую этнічную меншасць, а фіксацыя геапалітычных амбіцый сучаснай польскай дзяржавы».
Гэта няпраўда Першапачаткова яна сапраўды распаўсюджвалася толькі на постсавецкую прастору, але з 2019 года - ужо на ўсе краіны свету. Цяпер грамадзянін любой краіны можа атрымаць карту паляка, але ўсё роўна, мяркуючы па статыстыцы, яна так і засталася цікавая ў асноўным украінцам і беларусам.
А рэдактар газеты «СБ Беларусь сегодня» Зміцер Жук увогуле заявіў, што ад тых, хто атрымаў карту паляка, хтосьці патрабуе дзейнічаць у інтарэсах Польшчы.
«Па сутнасці, падпісваючы дакументы на карту паляка, гэтыя людзі абавязваюцца дзейнічаць у інтарэсах польскай дзяржавы. Гэта абавязковае патрабаванне атрымання карты паляка».
Гэта не так. Усе «абавязковыя» патрабаванні пералічаны ў артыкуле нумар 2 закона. Першае - гэта базавае веданне польскай мовы і прызнанне яе роднай мовай, культываванне польскіх традыцый і звычаяў. Другое - у прысутнасці консула падаць пісьмовую заяву аб прыналежнасці да польскай нацыі. Трэцяе патрабаванне - даказаць, што ёсць польскія карані. Усё, ніякіх патрабаванняў дзейнічаць у інтарэсах польскай дзяржавы ці падпісваць паперы з такім абавязацельствам, тамака няма.
Такім чынам, Андрэй Сыч, Вадзім Гігін і Зміцер Жук напісвалі ўсялякіх небыліц пра карту паляка, якія не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.