Украіна пагрузілася ў блэкаўт па невядомых прычынах
Беларускія дзяржаўныя СМІ вельмі дзіўна расказваюць пра ўкраінскі блэкаўт.
«Сусветная арганізацыя аховы здароўя б'е трывогу ў сувязі з цяжкімі ўмовамі, у якіх апынуліся мільёны жыхароў Украіны напярэдадні зімы. Прыход маразоў можа ўяўляць смяротную пагрозу з-за каласальных пашкоджанняў энергасістэмы», — распавядаюць на «Беларусь-1».
«У Кіеве і дзясятках абласцей цалкам адключылася энергасістэма. У тым ліку атамныя электрастанцыі…. Адсутнасць не толькі святла, але і цяпла і вады працягвалася з серады да вечара чацвярга. Тэрміны поўнага аднаўленне сістэмы не вядомыя», — паведамляе АНТ.
Гэта значыць, чамусьці ва Ўкраіне адключылася энергасістэма і людзі апынуліся ў вельмі цяжкіх умовах. А з-за чаго ці з-за каго ўсё гэта адбылося — пра гэта ў сюжэтах ні слова.
Дзяржаўныя медыя імкнуцца не згадваць аб тым, што гэта Расея разбурыла інфраструктуру сваімі ракетнымі ўдарамі.
Вось, напрыклад, што піша дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА:
«Паводле інфармацыі Мінэнерга Украіны, з-за пашкоджання элементаў інфраструктуры энергасістэмы без энергіі засталася пераважная большасць спажыўцоў краіны. Таксама былі аварыйна адключаныя ад энергасістэмы ўсе тры якія знаходзяцца пад кантролем Кіева атамныя электрастанцыі »
Гэтая навіна з расійскага інфармагенцтва ТАСС, але ў яе арыгінале хаця б сказана аб паветранай трывозе на тэрыторыі Украіны. У беларускую версію нават гэта не ўвайшло.
Відавочна, што дзяржСМІ наўмысна замоўчваюць аб ролі Расіі ва ўкраінскім блэкаўце, каб не ачарніць яе пазітыўны імідж перад простымі беларусамі.
А вось на канале АНТ пайшлі яшчэ далей. Там заявілі, што ў блэкаўце вінаватая і сама Ўкраіна.
«Хоць у надыходзячым блэкаўце вінаватыя не толькі расійскія ракеты. Кіеўскі суд арыштаваў актывы адразу 5 прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры. У Херсоне, Кіраваградзе, Жытоміры, Роўна, Чарнігаве. Падстава — алігархі энергічна кралі прыбытак. Зразумела, што пішуць пра расейскі сьлед. Зразумела, што тут ёсць элемент палявання на вядзьмарак. Але відавочна і тое, што ўкраінскую энергетыку ставілі на калені даўно і сістэмна».
Па-першае, акцыі аблэнерга арыштавалі не ў Чарнігаве, а ў Чарнаўцах. А па-другое, пасыл такі — украінцы зараз сядзяць без святла і цяпла з-за карупцыі. Аднак, той факт, што, гэтыя пяць аблэнерга працягваюць працаваць замоўчваецца. Як арышт каштоўных папер звязаны з перабоямі ў забеспячэнні электраэнергіяй жыхароў Украіны пасля абстрэлаў, таксама не тлумачыцца.
Дарэчы, да вайны ўкраінская энергетыка, мела лішкі электраэнергіі і паспяхова іх экспартавала — 3,5 млрд кілават-гадзін у год. Не падобна, што яна так ужо стаяла на каленях.
Акрамя замоўчвання аб бамбёжках Расіяй мірнай інфраструктуры Украіны, беларускія дзяржСМІ таксама распаўсюджваюць фейкі аб тым, што большасць украінскіх уцекачоў у Еўропе паразітуюць — працаваць не жадаюць, але і вяртацца дадому таксама не плануюць. Пра гэта паведаміў вядучы навін АНТ Аляксандр Аверкаў.
«Большасць прыезджых не спяшаюцца працаўладкавацца і адмаўляюцца вывучаць мовы тых краін, у якія прыбылі. Больш за тое, шмат хто наўпрост заяўляе, што не мае намеру вяртацца дадому пасля завяршэння расейскай спецаперацыі».
Насамрэч у Польшчы большая частка ўкраінскіх бежанцаў зарабляе сабе на жыццё сама. Па афіцыйных звестках, 600 тысяч чалавек знайшлі сабе працу. У Літве працуе ўжо каля паловы працаздольных бежанцаў, у Чэхіі — каля 40%. У Нямеччыне — 15%.
Пры гэтым, паводле апытанняў, 70% тых, хто працуюць у Германіі, плануюць рана ці позна вярнуцца ва Украіну. У Польшчы такіх каля 60 працэнтаў. А вось застацца назаўжды ў Германіі выказалі сваё жаданне толькі 3 працэнты, а ў Польшчы такіх 6 працэнтаў.
Увогуле, тое, што большасць не плануе вяртацца дадому нават пасля заканчэння вайны — хлусня.