Пуцін у навагоднім відэа выкарыстоўвае акцёраў
Украінскія СМІ абвінавацілі Уладзіміра Пуціна ў тым, што пры запісе навагодняга віншавання ён выкарыстоўваў статыстаў, якія выконывалi ролю вайскоўцаў. Так, канал ТСН апазнаў аднаго з іх пры дапамозе сэрвісу распазнання асобы.
«Распазнаванне асобы юнака, які знаходзіцца злева за спіной прэзідэнта Расіі, выводзіць карыстальнікаў на выдаленую старонку сацсеткі ВК, ID якой сэрвіс ROZEYE звязвае з чалавекам па імені Цімафей. Характэрна, што ў “Цімфея“ на грудзях красуецца зорка Героя Расеі, але за апошнія тры гады ніводзін чалавек з такім імем афіцыйна гэтай узнагароды не атрымліваў».
Хлопца паспяшаліся назваць акцёрам і падстаўной асобай. Але, падобна, што ён насамрэч рэальны.
Пра тое, што яфрэйтар Цімафей Мацвееў атрымаў зорку героя Расіі, паведаміў тэлеканал «Звязда» 31 снежня. Гэта значыць яшчэ перад навагоднім зваротам, а не заднім лікам — у адказ на выкрыцці.
Пазней многія рэгіянальныя СМІ РФ апублікавалі больш падрабязныя рэпартажы пра танкіста-дэсантніка. «Навіны Хабараўска», напрыклад, напісалі аб тым, як ён сустракаўся з грамадскасцю ў сваім родным рэгіёне — Габрэйскай аўтаномнай вобласці Расіі.
Яшчэ большае распаўсюджванне ў сетцы атрымалі абвінавачанні ў акцёрстве жанчыны-вайскоўцы з таго ж віншавання.
Украінскі «24 канал» абвінаваціў яе ў здымках у ролі рыбачкі ў 2016 годзе, потым — заўважыў у царкве за спіной Пуціна ў 2017 годзе. А ў тым жа годзе і яшчэ ў 2019, паводле канала, яна нібыта выконвала ролю прадаўца марожанага на авіяшоў, якое наведваў Пуцін.
Пра гэта выказаўся і ўкраінскі журналіст Зміцер Гардон.
«Цётка, груба кажучы, марозіва яму прадае падчас наведвання чагосьці. Вось гэтая цётка стаіць у царкве за ім на наступны год зусім выпадкова. Вось гэтая цётка стаіць сярод вайскоўцаў у вайсковай форме».
Аднак, насамрэч марозіва яму прадавала Кацярына Сафронава. У 19 годзе яна нават пабывала ў студыі НТВ. А лавіла з Пуціным рыбу — Ларыса Сергухіна. Яна ж была з ім на службе ў манастыры. Чалавек рэальны, у розных публікацыях яна паўстае пад уласным імем. А так часта трапляе ў адзін кадр з Пуціным таму, што гэтыя мерапрыемствы праходзілі ў Наўгародскай вобласці, дзе яна жыве, вядзе бізнэс і з'яўляецца заўважным прадстаўніком партыі «Адзіная Расія».
Ну а ў навагоднім віншаванні засвяцілася ўжо трэцяя бландынка — капітан медслужбы Ганна Сідарэнка.
Бачна, што гэта розныя жанчыны, яны рэальна існуюць, а іх імёны і прозвішчы былі вядомы і да гэтага Новага года.