Нелегальныя мігранты гінуць у Польшчы
Нелегальныя мігранты, якія спрабуюць прабрацца ў ЕС, паміраюць і знікаюць без вестак на польскай тэрыторыі. Пра гэта распавялі ў навінах тэлеканала ОНТ.
«Афіцыйная Варшава паведаміла, што за год з невялікім на польскім баку зафіксавана 27 смерцяў бежанцаў. Апошні выпадак - у канцы кастрычніка. У рацэ ля мяжы вылавілі цела цемнаскурага мужчыны. У выратавальнай арганізацыі Польшчы зусім іншыя звесткі. Там называюць лічбу 186. Столькі іншаземцаў прапала без вестак на польскай прыгранічнай тэрыторыі. Ёсць і сведчанні валанцёраў, якія сцвярджаюць, што польскія вайскоўцы ўжываюць сілу, а таксама прымушаюць людзей перасякаць рэкі з моцнай плынню, падвяргаючы іх жыццю небяспеку і рызыку».
Падобнае паведамленне, але больш інфарматыўнае, апублікавала дзяржінфармагенцтва БелТА. З яго можна даведацца, што гэта дадзеныя за апошнія 14 месяцаў. Польская выратавальная арганізацыя, на дадзеныя якой спасылаюцца беларускія СМІ, называецца Група Гранічная. А сама інфармацыя прадастаўлена Дзяржпагранкамітэтам Беларусі.
Правяраем. Беларускія памежнікі спасылаюцца на рэсурс euobserver.com, які апублікаваў рэпартаж з беларуска-польскай мяжы. Нібыта яны яго толькі пераказваюць. Але насамрэч, у самім артыкуле напісана, што 27 чалавек загінулі не ў Польшчы, а «на беларускім міграцыйным шляху. То бок, недзе па дарозе з Беларусі ў Польшчу, а не менавіта ў Польшчы, як сцвярджае Дзяржпагранкамітэт.
У артыкуле валанцёр сапраўды распавяла гісторыю пра тое, што польскія вайскоўцы прымушаюць людзей перасякаць раку з моцнай плынню. Але ў адрозненне ад АНТ і Памежкамітэта мы яе працытуем цалкам:
«Польскія службы выкарыстоўваюць эўфемізмы. Яны кажуць, што «высылаюць людзей назад да беларускай мяжы», але на самой справе яны часта ўжываюць сілу, падвяргаючы жыццю людзей рызыцы, напрыклад, прымушаючы іх перасякаць рэкі з моцнай плынню», — дадала яна.
А апынуўшыся на іншым баку, некаторых беларускія ахоўнікі збіваюць у пакаранне за правал.
Цяжарная эфіёпская жанчына сказала, што беларускія афіцэры «збілі яе кулакамі» пасля таго, як польскія ахоўнікі тройчы адпраўлялі яе назад, паведаміла Лабада EUobserver».
Атрымліваецца, што беларускія памежнікі не дамаўляюцца, што сілу ўжываюць абодва бакі.
А вось тая самая справаздача валанцёрскай Групы Гранічнай:
«Усяго з пачатку гуманітарнага крызісу зафіксавана 27 смерцяў па абодва бакі мяжы. Мы, напэўна, ніколі не даведаемся, колькі людзей насамрэч загінула на мяжы.
За апошнія 13 месяцаў мы атрымалі ў агульнай складанасці 241 паведамленне аб знікненні без вестак. Лёс 186 з іх да гэтага часу невядомы».
Такім чынам, 27 чалавек загінулі не ў Польшчы, а па абодва бакі мяжы. Як і 186 чалавек, якія зніклі без вестак.
І тут жа, у іх справаздачы за тыдзень 21-27 кастрычніка, знаходзім яшчэ адзін цікавы факт. Аказваецца, 11 чалавек паведамілі валанцёрам аб выпадках гвалту з боку польскіх службаў і 20 чалавек - аб гвалце з боку беларускіх службаў.
Увогуле, па факце аказалася, што Дзяржпагранкамітэт і АНТ проста схавалі ад беларусаў усю праўду пра бежанцаў. Што паміраюць, знікаюць і церпяць гвалт яны па абодва бакі мяжы, а Беларусь не такая белая і пухнатая, як хоча здавацца.