Украінская ракета мэтанакіравана ляцела ў Польшчу
Польская Gazeta Wyborcza высветліла, што ўкраінская ракета мэтанакіравана ляцела ў Польшчу. Такую інфармацыю апублікаваў тэлеграм-канал «Невальфовіч».
«Польская Gazeta Wyborcza апублікавала карту, на якой тлумачыцца, як украінская ракета прыляцела ў Пшаводаў.
Па версіі выдання, расійская ракета ляцела на Дабратворскую ЦЭЦ, якая знаходзіцца на паўночным усходзе ад Львова, а ўкраінская ракета была пушчана на паўночны захад.
Адпаведна, трэба разумець, што ўкраінская ракета не прамазала, а мэтанакіравана паляцела ў бок Польшчы».
Пра гэта напісаў таксама супрацоўнік АНТ Ігар Тур, расійскае выданне Лайф.ру і некаторыя іншыя расійскія рэсурсы.
Канал «Невальфовіч» для праўдападобнасці нават мапу размясціў. А Лайф.ру - спасылку на газету Выборчу, па якой праўда артыкул пачытаць цалкам нельга, бо яна даступная толькі па платнай падпісцы. Аднак мы знайшлі арыгінал.
Польскае выданне сапраўды піша, што расійская ракета X101 ляцела на Дабратворскую ТЭС. Але гэта адзінае, у чым беларускія дзяржСМІ не схлусілі. Вось што піша газета далей:
«Украінцы выпусцілі ракеты, жадаючы знішчыць X-101, які набліжаецца. Расейская ракета не накіравалася проста на электрастанцыю, а манеўравала, каб падмануць украінскую абарону. І яна аказалася паміж Львовам і польскай мяжой. Адна з ракет С-300 патрапіла ў X-101 і да ўдару па Дабратворскай ТЭС не дайшло, а наступная замест таго, каб самаліквідавацца і не патрапіць у цэль, паляцела далей. Гэта яе астанкі ўпалі ў Пшаводаве».
Гэта значыць польскія журналісты, наадварот, пацвердзілі, што ўкраінскія СПА білі па расійскай ракеце, а беларускія тэлеграм-каналы і расійскія СМІ ўзялі з іх публікацыі кавалак і замоўклі астатняе, каб выставіць усё так, нібыта ўкраінцы спецыяльна страляюць па грамадзянскіх сваіх саюзнікаў.