Антыфэйк / фактчэк

16 лістапада 2022

Фэйкі тыдня: СБ піша, што Вашынгтон пайшоў супраць Лукашэнкі не з-за рэпрэсій, а з-за кантэйнерных перавозак

У глабальным кантэксце ўсе чыгуначныя перавозкі паміж Кітаем і Еўропай (не толькі беларускія) – гэта ўсяго толькі 4% агульнага абʼёму гандлю ў гэтым напрамку

Аўтары:
Рэдактары:
У газеце «СБ Беларусь сегодня» пішуць, што чыгуначны шлях з Кітая ў Еўропу, які пралягае і праз Беларусь, ужо настолькі актыўны, што канкуруе з марскімі перавозкамі. З-за гэтага, нібыта, ЗША і пайшлі супраць Лукашэнкі – хочуць кантраляваць такі важны гандлёвы шлях.

«І аб'ём кантэйнерных паставак па чыгунцы з Кітая ў Еўропу ў апошнія гады павялічваўся ў геаметрычнай прагрэсіі. Сухапутны шлях з Усходу на Захад і назад упэўнена і няўмольна стаў канкурэнтам марскім перавозкам», – напісалі ў СБ.

У 2020-м годзе перавозкі па БЧ у Кітай і назад, сапраўды, выраслі больш як у паўтара раза. Гэта не геаметрычная прагрэсія, але сапраўды сурʼёзны рост.

У мінулым годзе па Кітаю асобнай статыстыкі не публікавалася. Але агульныя перавозкі павялічыліся на траціну.

Але ў глабальным кантэксце ўсе чыгуначныя перавозкі паміж Кітаем і Еўропай (не толькі беларускія) – гэта ўсяго толькі 4% агульнага абʼёму гандлю ў гэтым напрамку. Гэта значыць, толькі 4% тавараў перавозяцца цягнікамі.

Да рэвалюцыі ў Беларусі не было ніводнай ВНУ 

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі не было ніводнай ВНУ. Пра гэта на тэлеканале СТВ заявіў Віктар Саевіч, якога прадставілі проста як «магістра палітычных навук». 

«У нас, можна сказаць, усеагульная вышэйшая адукацыя. А мы павінны памятаць, што да рэвалюцыі 80% жыхароў Паўночна-Заходняга краю Беларусі не ўмелі чытаць і пісаць. Не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, ніводнай».

Гэта не праўда. Яшчэ ў 1848 годзе ў Горках адкрылі Горы-горацкі земляробчы інстытут. І праіснаваў ён да 1864 года. Потым інстытут перанеслі ўжо ў Санкт-Пецярбург, бо многія студэнты прынялі ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. 

Таксама, у часы расійскай імперыі, у 1913 годзе ў Магілёве з'явіўся настаўніцкі інстытут, які зараз вядомы як Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова - у народзе «кулёк». А ў 1914 годзе настаўніцкі інстытут адкрыўся і ў Менску. Ён таксама існуе і дагэтуль — зараз гэта Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка.

Ну а самая першая вышэйшая навучальная ўстанова з'явілася на тэрыторыі дарэвалюцыйнай Беларусі яшчэ ў 1812 годзе ў Полацку — гэта была Полацкая езуіцкая акадэмія. Праўда, яна праіснавала нядоўга — 8 гадоў, і зачынілася з-за таго, што ў Расійскай імперыі скасавалі ордэн езуітаў. Няма езуітаў, няма і акадэміі.

У выніку атрымліваецца, што як мінімум дзве сучасныя ВНУ ў Беларусі маюць дарэвалюцыйныя карані. Таму словы магістра Віктара Саевіча — гэта фэйк.

Украінскае збожжа не даходзіць да галадоўнікаў краін

Пасля пачатку вайны Расея заблакавала ўкраінскія парты. І гэта ўскладніла продаж і транспарціроўку грузаў з Украіны, у тым ліку і збожжа. А паколькі Украіна ўваходзіць у пяцёрку экспарцёраў, гэта ўплывала на ўзровень сусветных коштаў.

Тады Турцыя, Украіна і Расія пры садзейнічанні ААН дамовіліся, што Украіна зможа са жніўня бесперашкодна вывозіць морам са сваіх партоў лішкі збожжа для продажу. Інакш галадоўнікаў стане нашмат больш.

Аднак Расія і Захад разышліся ў ацэнках таго, як гэтае пагадненне выконваецца.

Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскае зерне не даходзіць да галадоўнікаў, як планавалася.

«Вось вывозяць зараз хлеб з Украіны... пад маркай забеспячэння харчовай бяспекі самых бедных краін свету. Куды ён ідзе? Ды ўсё ідзе ў тыя ж еўрапейскія краіны, там 5% толькі сышло ў найбяднейшыя краіны свету. Ізноў чарговае ашуканства і прамы падман».

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль на абвінавачанні Пуціна адказаў, што, наадварот, у так званыя ўразлівыя краіны ідзе ⅔ украінскага збожжа. Пра гэта ж кажа і прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША па эканамічных пытаннях Рамін Талуі.

Аднак, у рэчаіснасці і тая і іншая ацэнка не адпавядае рэчаіснасці. Гэта бачна з афіцыйнай статыстыкі марскіх перавозак, якая з'явілася на сайце ААН.

Па стане на 14 лістапада з Украіны было вывезена амаль 11 млн. тон збожжавых. Асноўныя атрымальнікі добра бачныя на гэтым графіцы. Гэта Кітай, Італія, Іспанія, Нідэрланды і Турцыя. Адна Іспанія атрымала больш за 2 млн тон збожжа. А разам з іншымі развітымі краінамі, куды збожжа таксама паступае, але ў меншых колькасцях, атрымліваецца, што на іх долю прыпадае 77 працэнтаў паставак. А 23% на краіны з нізкім даходам і ніжэй за сярэдні, як Афганістан, Бангладэш, Інданезія, Самалі, Ліван і гд.

Праўда ААН тут жа дае агаворку, што пасля дастаўкі груз можа быць рээкспартаваны ў іншую краіну. Верагодна, з багатай у бедную.

Акрамя таго, паводле ацэнак ААН, чым больш збожжа на рынку, тым больш зніжаецца кошт харчавання ў цэлым ва ўсім свеце, а значыць — і для бедных краін. Таму Барэлю неабавязкова было хітраваць, каб апраўдаць неабходнасць збожжавай здзелкі. Пуцін жа заявіўшы, што ў бедныя краіны патрапіць толькі 5% збожжа проста схлусіў.

ЗША не даюць Еўропе гандляваць з Кітаем

Краінам Еўропы даводзіцца выбіраць з кім гандляваць — з Усходам ці з Захадам. Беларусь выбірае Кітай. А іншым краінам Еўропы гэта не дазваляе Амерыка. Аб гэтым на тэлеканале «Беларусь-1» заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

«Няўжо нехта думае, што нехта з краінаў Еўропы не хочуць будаваць добрыя адносіны з Азіяй. Вось прэзідэнт наш будуе. У чым розніца? Ды ў тым розніца, што Лукашэнка самастойны. Ім не даюць. Ён незалежны, таму ён выбудоўвае адносіны. Палякі б марылі, літоўцы б марылі, усе б марылі, рынак-та вялізны — не даюць».  

Паглядзім статыстыку. Самастойны Лукашэнка здолеў выбудаваць такія адносіны з Кітаем, што летась мы прадалі на кітайскім рынку тавараў на 900 млн долараў.

Цяпер для параўнання дадзеныя па Еўропе. На адным з намі ўзроўні з Кітаем гандлюе Румынія — экспарт на тыя ж 900 млн., толькі еўра. Літва толькі на 200 млн. Далей — больш. Польшча экспартуе ў Кітай на 3 млрд эўра, Францыя на 24, а Нямеччына амаль на 105 млрд эўра. Гэта ў 100 разоў больш, чым прадае Беларусь.

Тое ж датычыцца інвестыцый. Беларуская статыстыка сцвярджае, што Кітай інвеставаў у Беларусь 1,1 млрд. прамых інвестыцый за 30 гадоў. Аднак, кітайская афіцыйная статыстыка налічыла 600 млн долараў да 2020 года. Прыкладна столькі ж Кітай інвеставаў у Аўстрыю і Польшчу. 1 млрд у Нарвегію, амаль 5 млрд у Францыю, 14,5 — у Нямеччыну і 26 — у Нідэрланды.

Зусім нядрэнныя вынікі для краін, якім «не даюць выбудоўваць адносіны з Кітаем». Цікава ўявіць, што было б, калі б далі…

Такім чынам, тое, што сьвет па палітычных прычынах вымушаны выбіраць з кім гандляваць, а з кім не, гэта фэйк, які распаўсюджваюць беларускія СМІ. Насамрэч краіны ЕС гандлююць і з Усходам, і з Захадам. А ў Беларусі, наадварот, ні з тымі, ні з іншымі, не атрымліваецца так, як хацелася б, нягледзячы на апавяданні афіцыйнага Мінска аб яго асаблівых адносінах з Пекінам.

Дарэчы, тэлеграм-канал «ЖС прэміум» знайшоў чарговы доказ асаблівай павагі Сі Цзіньпіна ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі. 

«Параўнайце, як Сі Цзіньпін мае зносіны з лідэрам, якога паважае, і як - з Шольцам», —  напісалі аўтары канала, апублікаваўшы відэа, дзе з Лукашэнкам кіраўнік КНР абдымаецца, а з Шольцам няма. 

Нагадаем, што новы канцлер Нямеччыны нядаўна быў з візітам у Кітаі. А Лукашэнка месяц таму сустракаўся з таварышам Сі ў Самаркандзе. 

Але гэтыя кадры з абдымкамі не адтуль, а ажно 7-гадовай даўніны, калі Сі Цзіньпін прыязджаў у Беларусь у 2015 годзе.  

А вось як выглядалі іх нядаўнія зносіны. Ні абдымкаў, ні нават поціскаў рукі. Трымаюцца адзін ад аднаго на адлегласці, а Лукашэнку, які адмаўляе COVID, нават прыйшлося надзець маску.