«Шольц зараз кажа: А ў нас няма ніякай гістарычнай віны, усё, мы расплаціліся па другой сусветнай вайне перад рускімі. Таму яны і прывядуць танкі Бундэсвер на землі, якія называюцца ўкраінскімі, а палова, як мінімум, гэта Новароссія».
Падобныя сцвярджэнні можна сустрэць у прарасейскіх тэлеграм-каналах. Вось, напрыклад, пост з загалоўкам «Нямеччына больш не саромеецца свайго нацысцкага мінулага» у тэлеграм-канале «Выпускайце Кракена» з аўдыторыяй амаль 300 тысяч падпісчыкаў. А вось, што піша на сваім сайце тэлеканал «Царград»:
«Канцлер ФРГ Олаф Шольц зрабіў заяву, якая выходзіць за ўсе разумныя рамкі. У эфіры тэлеканалу OstWest.tv прывялі ягоныя словы, блізкія да рэабілітацыі нацызму. Шольц сказаў, што 24 лютага стала паваротным днём у гісторыі кантынента. Уладзімір Пуцін хоча ўзнавіць Расейскую Імперыю і кіраваць Еўропай так, як ён лічыць патрэбным, – заявіў Шольц, дадаўшы – Рускі народ не хоча вайны. Гэта вайна застанецца вайной Пуціна. Ён вызваліў Нямеччыну ад гістарычнай віны».
Размова ідзе аб выступленні Олафа Шольца перад Бундэстагам, якое адбылося яшчэ 27 лютага. «Царград» у гэтай навіны спасылаецца на нямецкі рускамоўны тэлеканалу «OstWest.tv». Што ж, мы праверылі гэтае сцвярджэнне. 27 лютага «OstWest.tv» транслявала той самы выступ Шольца з рускім перакладам. І вось што насамрэч сказаў Шольц:
«Таму што менавіта Уладзімір Пуцін, а не расейскі народ вырашыў займацца гэтай вайной. І гэтая вайна – гэта вайна Уладзіміра Пуціна. І мне важна, што ёсць гэтая розніца. Бо пасля Другой сусветнай вайны рускі і нямецкі народ змаглі змірыцца. І гэта вельмі важны каменьчык у падмурку нашай супольнай гісторыі».
Гэта значыць, высвятляецца, што Шольц не прамаўляў фразу: «Ён вызваліў Нямеччыну ад гістарычнай віны». Замест гэтага ён сказаў, што рускі і нямецкі народы пасля вайны змаглі памірыцца. Зусім іншы сэнс. Мы нават пераправерылі гэты момант у стэнаграме прамовы Шольца на сайце Федэральнага ўрада. У афіцыйным перакладзе фраза гучыць падобна:
«Прымірэнне паміж немцамі і рускімі пасля Другой сусветнай вайны было і застаецца важным раздзелам нашай агульнай гісторыі».
Гэта значыць, высветлілася, што «OstWest.tv», на які спасылаецца «Царград», тут ні пры чым.