«Гэта вучэнні з ядравымі сіламі адпрацоўваюцца, дзе на тэрыторыі Польшчы і Расеі, у адпаведнасці з планам вучэнняў, разглядаюцца каля 400 аб'ектаў для паражэння. Вучэнні маюць наступальны характар, а не абарончы характар. І ўсе заявы кіраўнікоў калектыўнага захаду аб тым, што гэта планавыя вучэнні, выклікаюць лёгкую іронію і смех».
Глядзім 2021 год – роўна ў тым жа месяцы, у кастрычніку, прайшлі тыя ж вучэнні на выпадак ядравай атакі. 2020 год – тое ж самае – ядравыя вучэнні NATO ў кастрычніку. У 2014 годзе таксама краіны NATO праводзілі ядравыя вучэнні «Непахісны поўдзень».
Тое, што вучэнні NATO праходзяць у звычайным парадку, прызнаў нават намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў:
«Яшчэ раз падкрэслю, што ў гэтым няма «надзвычайшчыны», гэта мерапрыемствы, якія рэгулярна праводзяцца. Вядома, іх сцэнары магу адрознівацца – не заўсёды па адным і тым жа парадку і паслядоўнасці ўсё гэта праходзіць».
Але ў Беларусі працягнулі нагнятаць абстаноўку. Палітолаг Вадзім Ялфімаў у эфіры «Радыё Менск» назваў гэтыя вучэнні эпахальнымі:
«Гэта сапраўды эпахальная падзея, паколькі такіх вучэнняў не было шмат гадоў. Пры гэтым амерыканцы кажуць, што гэта не яны правакуюць ядравую пагрозу».
Расейскія вучэнні «Гром» пачаліся 26 кастрычніка і праводзіліся не ў адказ на вучэнні NATO, а таксама ў планавым парадку. Гэта гавораць самі расейскія дзяржСМІ. Вось, напрыклад, выпуск праграмы «Время» на Першым канале:
«Трэніроўка планавая. Такая ж, як і распачатыя ў сярэдзіне кастрычніка вучэнні NATO пад загадкавай назвай «Непахісны поўдзень».
Інфармацыйнае агенцтва ТАСС выклала падрабязную храналогію вучэнняў стратэгічных ядравых сіл Расеі. З яе добра бачна, што з 2012 года такія вучэнні праводзяцца ў Расеі штогод, і як правіла, восенню. А вось у мінулым годзе іх не было.
Тут палітолаг Ялфімаў зноў схлусіў. Іх перанеслі на люты 2022 года – яны прайшлі за пяць дзён да нападу Расеі на Украіну. Атрымліваецца, што сёлета Расея стратэгічныя ядравыя вучэнні праводзіць ужо другі раз.
Гэта значыць, насамрэч, і Расея, і NATO, правялі ў кастрычніку планавыя вучэнні, якія праходзяць ужо даволі шмат гадоў. Праўда, з-за пераносу тэрмінаў Масква іх правяла сёлета два разы, замест аднаго.