З 2014 года ўзровень карупцыі ва Украіне ўвесь час расце
Карупцыя ў Украіне няўхільна расце з 2014 года. Гэта сцвярджэнне агучыла супрацоўніца «СБ Беларусь Сегодня» Паліна Конага ў перадачы «Пляцоўка» на «Беларусь-1».
«З 2014 года ўзровень карупцыі ва Ўкраіне не зніжаўся, а толькі ўзрастаў. У красавіку 2017-га адна з міжнародных аўдытарскіх кампаній паставіла краіну на першае месца з чатырох дзясяткаў па ўзроўні карупцыі».
Сапраўды, у 2017 годзе кампанія Ernst & Young (аўтарытэтны міжнародны аўдытар) апублікавала рэйтынг з такімі вынікамі. Ён быў складзены на падставе апытання бізнэсмэнаў аб распаўсюджанасці карупцыі ў бізнэсе.
Ёсць і глыбейшыя апытанні, дзе рэспандэнтаў пытаюцца аб карупцыі ў дзяржорганах. Гэта рэйтынг краін па індэксе ўспрымання карупцыі. Яго Паліна Конога таксама цытуе.
«Пацвярджаюць гэта і пазіцыі краіны ў міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі. Па выніках мінулага года Украіна знаходзіцца на 122 месцы, нароўні са Сваціні, атрымаўшы ўсяго 32 балы са 100 магчымых».
І гэта так. Але для паўнаты карціны інфармацыю неабходна дапоўніць. Украіна сапраўды на 122 месцы ў Глабальным рэйтынгу. Але ў 2013 годзе, да Майдана, куды людзі выйшлі з-за карупцыі, сітуацыя была яшчэ горшай і за мінулыя гады Украіна палепшыла свае пазіцыі на 22 месцы.
Пры гэтым, у Расіі сітуацыя з карупцыяй нашмат горшая — яна ў гэтым рэйтынгу на 136 месцы разам з Ліберыяй, Малі і Анголай.
Паказальна таксама, што пра ўкраінскую карупцыю на беларускім тэлебачанні раптам загаварылі пасля таго, як высветлілася, што ў самой Беларусі колькасць зарэгістраваных карупцыйных злачынстваў вырасла на 35% за год. Праўда, антыкарупцыйныя ведамствы лічаць, што гэта таму, што яны добра працуюць.
«У дадзеным выпадку мы кажам пра падвышэнне эфектыўнасці працы па выяўленні супрацьпраўных дзеянняў», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры РБ.
Пры гэтым, калі лічбы па карупцыі наадварот, падаюць, сілавікі таксама гавораць, што гэта таму што яны добра працуюць. Увогуле, каб з карупцыяй у краіне не адбывалася, заўсёды выходзіць, што міліцыянты малайцы.
Але, па міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі пазіцыя Беларусі за год пагоршылася амаль на 20 прыступак і аказалася на 82 месцы.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што з карупцыяй справы ва Украіне ідуць не лепшым чынам, але сітуацыя паляпшаецца. У Беларусі ж, наадварот, карупцыя расце.