Фэйк 6: Экс-прэм'ер Украіны Арсеній Яцанюк заклікаў украінцаў адумацца
Дата з'яўлення фэйка: 27.06.2023
Партнерский материал
Былы прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк заклікаў украінцаў адумацца,
паведаміў 27 чэрвеня 2023 года ў сваім тэлеграм-канале экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Ілля Ківа, які прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў. У якасці доказу ён апублікаваў відэа з нібыта зваротам палітыка. Рэпост
з'явіўся на канале Уладзіміра Салаўёва.
«Забыўся вам расказаць: тэлефанаваў на выходных Яцанюк (Сеня), прасіў прабачэння за старое, прасіў прабачэння і вымольваў літасці. Абяцаў крытыкаваць рэжым Зяленскага і ягоных куратараў, пакуль ён не будзе знішчаны!!!» — гаворыцца ў подпісе да відэа.
«Вы не спрабавалі наогул прааналізаваць сваю краіну, свайго так званага прэзідэнта, сваё жыццё, што вы нарабілі, чаго вы дасягнулі і як вы далей збіраецеся з гэтым жыць? З гэтым гістарычным грузам. Вы асацыюецеся з вашымі культурнымі міфамі ці вы асацыюецеся з ваеннымі злачынствамі? Ці вы асацыюецеся са згвалтаваннямі, з забойствамі мірных грамадзян?
Не дае магчымасці сцвярджаць, што гэта дзяржава ў стане быць нармальнай, адэкватнай, дэмакратычнай, не таталітарнай. Не дае мне такой магчымасці. Мы вельмі добра ведаем адказ на пытанне, як мы прыйшлі туды, дзе мы знаходзімся, і што мы з гэтым будзем рабіць. Мы не прыйшлі туды, нас прымусілі. Гэта мае найвелізарнейшыя наступствы, як бы гэта ні завяршылася. Гэта ўжо факт.
Гэта была частка дзяржаўнай палітыкі і ёсць частка дзяржаўнай палітыкі. <...> Больш нацысцкага рэжыму пасля Адольфа Гітлера ў Еўропе не было. Гэта энцыклапедычны прыклад нацызму, антысемітызму, расізму — усіх -ізмаў, якія толькі ёсць. З генацыдальным напрамкам», — кажа Яцанюк на відэа.
Пра ўсё гэта былы ўкраінскі прэм'ер сапраўды казаў — у інтэрв'ю журналісту Дзмітрыю Гардону. Пазней яго прамову парэзалі і змантавалі. На самай справе Яцанюк заклікаў задумацца грамадзян Расеі — над тым, што адбываецца і з чым яны будуць асацыявацца.
«Сапраўды, адбылася. Толькі нацыфікацыя. Непасрэдна самой Расеі. Больш нацысцкага рэжыму пасля рэжыму Адольфа Гітлера, чым пуцінскі рэжым, у Еўропе не было. Гэта наогул энцыклапедычны прыклад нацызму, ужо антысемітызму расізму, усіх -ізмаў толькі існых. З генацыдальным напрамкам. <...>
З чым вы цяпер асацыюецеся? Са сваімі культурнымі міфамі або ваеннымі злачынствамі? Згвалтаваннямі? Забойствамі мірных грамадзян? З гэтым асацыюецца Расея? І хто гэта ўсё зрабіў? Дык у яго ёсць прозвішча — Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч. А яшчэ глядзім далей. Тыя, хто падтрымліваў Пуціна Уладзіміра Уладзіміравіча. <...>
Я хачу, каб самі расейскія грамадзяне задалі сабе пытанне і паспрабавалі на яго адказаць: як вы сюды прыйшлі, дзе вы знаходзіцеся і што вы збіраецеся з гэтым рабіць? Тое, што мы, як украінцы, мы вельмі добра ведаем адказ на гэтае пытанне. Як мы прыйшлі, дзе мы знаходзімся і што мы будзем з гэтым рабіць. Мы не прыйшлі туды, нас прымусілі прыйсці, каб ваяваць за сваю краіну. Вы прымусілі. А чым гэта скончыцца? Ёсць сусветная справядлівасць: як скончылася нацысцкая Нямеччына, павінна скончыцца пуцінская Расея», — сказаў Арсеній Яцанюк на арыгінальным запісе.