Антыфэйк / фактчэк

23 кастрычніка

Лукашэнка не правакаваў канфліктаў з лідарамі краін СНД? Знайшлі прынамсі адзін

Аб неканфліктнасці афіцыйнага Менску заявіў дэпутат Алег Гайдукевіч.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.10.2024
Аляксандр Лукашэнка ўжо 30 гадоў захоўвае добрыя адносіны з лідарамі ўсіх краін СНД, сцвярджае дэпутат Алег Гайдукевіч. Каманда Weekly Top Fake нагадала, чаму Арменія заявіла, што ніводзін афіцыйны прадстаўнік краіны больш не паедзе ў Беларусь. 

Аб неканфліктнасці афіцыйнага Менску дэпутат Алег Гайдукевіч заявіў 11 кастрычніка 2024 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1», калі каментаваў уручэнне Аляксандру Лукашэнку вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Расеі — ордэна святога апостала Андрэя Першазванага.

«За гэтыя 30 гадоў на прасторах СНД наш прэзідэнт ніводнага канфлікту не спарадзіў, ніводнай не было заявы, якая б кагосьці пакрыўдзіла, не было ніводнага пытання, якім бы можна было нас потым папракнуць», — сказаў Гайдукевіч. 

У сярэдзіне траўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым заявіў, што другая Карабахская вайна 2020 года была вызваленчай.

«Я яшчэ падумаў, узгадаў нашую размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удвух. Тады мы зразумелі, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу», — працытавала Лукашэнку Азербайджанскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва. 

Праз месяц гэтую заяву пракаментаваў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян:

«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджана. І пасля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць? <...> Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І наогул заяўляю, што з гэтага моманту ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь. Наогул».

Арменія стала адзіным чальцом Садружнасці незалежных дзяржаў, які ў пачатку кастрычніка 2024 года на Савеце міністраў замежных спраў СНД у Маскве не падпісаў заяву з асуджэннем аднабаковых санкцый супраць Беларусі і Расеі.