Антыфэйк / фактчэк

11 лістапада

Вядоўца СТБ занізіла прагнозы па росце ВУП для краін ЕЗ, параўноўваючы іх з Беларуссю. Знайшлі сапраўдныя дадзеныя

У Польшчы чакаецца трохадсоткавы рост.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 23.10.2024
У Польшчы, па прагнозе МВФ, ВУП у 2024 годзе вырасце значна менш, чым у Беларусі, а ў Нямеччыне ўвогуле знізіцца, заявіла вядоўца СТБ Алёна Сырава. Каманда Weekly Top Fake высветліла, наколькі яна занізіла прагнозы Міжнароднага валютнага фонду для еўрапейскіх краін. 

Кастрычніцкі прагноз МВФ па росце ВУП у Беларусі аказаўся больш аптымістычным, чым папярэднія. Параўноўваючы беларускія чаканыя паказнікі з іншымі краінамі ў эфіры СТБ 27 кастрычніка 2024 года, вядоўца Алёна Сырава сказіла лічбы. 

«Паводле звестак МВФ, Міжнароднага валютнага фонду, аўтарытэтнай арганізацыі, ВУП Беларусі ў гэтым годзе вырасце на 3,6%. Гэта больш, чым тое, на што разлічвалі. Не будзем злараднічаць, але для параўнання, прагрэсіўная Польшча падрасце на сціплыя 0,2%. Аналагічны паказнік у Нямеччыны, толькі са знакам мінус», — агучыла прагноз вядоўца.

На самой справе ў кастрычніку МВФ спрагназаваў рост ВУП у Нямеччыне 0%. У Польшчы чакаецца трохадсоткавы рост. 

Мяркуючы па паказніках, якія агучыла вядоўца СТБ, яна параўнала прагноз эканамічнага росту Беларусі ў 2024 годзе з фактычнымі паказнікамі іншых краін за папярэдні год.

Прагноз эканамічнага росту Беларусі на бягучы год — самы высокі сярод краін-суседзяў, за выключэннем Расеі. Аднак, калі параўнаць паказнікі росту ВУП за апошнія 10 гадоў, то ў Беларусі ён вырас менш чым на 1,5%. У Польшчы — на 40%. У Літве і Латвіі — на 29 і 21% адпаведна.