Антыфэйк / фактчэк

03 верасня

Аперацыі па змене полу для ўсіх жадаючых і новыя формы зачацця чалавека ў ЗША. Выкрылі «нешта жудаснае» ад Васкрасенскага і Ялфімава

Абмеркавалі Ялфімаў з Васкрасенскім і Мішэль Абаму — жонку 44 прэзідэнта ЗША Барака Абамы.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 21.08.2024
Пакуль партыя дэмакратаў у ЗША на з'ездзе вылучала новага кандыдата ў прэзідэнты замест Джо Байдэна, у эфіры «Радыё Менск» адбывалася «нешта жудаснае». Палітолаг Вадзім Ялфімаў і палітык Юрый Васкрасенскі распавялі, што ў Чыкага ездзілі мабільныя аперацыйныя і рабілі ўсім жадаючым аперацыі па змене полу, а Мішэль Абама прызналася ў выкарыстанні новых формаў зачацця чалавека. Каманда Weekly Top Fake разабралася, што да чаго. 

У ЗША партыя дэмакратаў 19 жніўня 2024 года сабралася на з'езд, каб афіцыйна вылучыць кандыдаткай на будучых выбарах прэзідэнта замест Джо Байдэна Камалу Харыс. Палітолаг Вадзім Ялфімаў і палітык Юрый Васкрасенскі 21 жніўня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск» абмеркавалі гэтую падзею. На YouTube відэа іх гутаркі назвалі «НЕШТА ЖУДАСНАЕ! У ЗША перадвыбарная гонка». 

Ялфімаў заявіў, што пакуль у Чыкага праходзіў з'езд партыі, дэмакраты адправілі ездзіць па горадзе мабільныя аперацыйныя, у якіх усе жадаючыя маглі бясплатна зрабіць аперацыю па змене полу.

— Я паведамляю нашым слухачам, гледачам наступны факт, які не вельмі ярка быў асветлены пакуль што. Ён ёсць, гэта факт. Проста з ангараў гэтага дэмакратычнага з'езду па Чыкага выехалі медычныя машыны, — анансаваў Ялфімаў.

— Хуткія дапамогі, — удакладніў Васкрасенскі.

— Не хуткія дапамогі, яны вялікія, перасоўныя аперацыйныя пакоі, якія раз'язджаюць па горадзе Чыкага і бясплатна праводзяць: а — аборты і змену полу. Кожнаму. Заходзь з вуліцы і змяняй, — распавёў палітолаг. 

— То бок, заходзіш мужыком, а выходзіш... Ну, ты ведаеш, гэта мара для нашых украінскіх калегаў, — дапоўніў Васкрасенскі.

На самой жа справе мабільная клініка Planned Parenthood недалёка ад месца правядзення з'езду Дэмакратычнай партыі прапаноўвала бясплатныя медыкаментозныя аборты і вазэктамію. Пра гэта паведамляла чыкагскія медыі.

Вазэктамія — гэта не змена полу, а мужчынская стэрылізацыя. Яе праводзяць мужчынам, якія не хочуць мець дзяцей. Але пасля гэтай аперацыі яны не перастаюць быць мужчынамі. 

Перасоўная клініка ніяк не звязаная з дэмакратамі. Гэта ўласная ініцыятыва ўстановы, якая вырашыла такім чынам прарэкламаваць свае магчымасці.

У суседніх штатах дзейнічаюць забароны на аборты, і гэта стала прычынай павелічэння патоку пацыентаў у Ілінойс, дзе знаходзіцца Чыкага. 

Абмеркавалі Ялфімаў з Васкрасенскім і Мішэль Абаму — жонку 44 прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Яна выступала на з'ездзе Дэмакратычнай партыі ў падтрымку Камалы Харыс. 

Яфлімаў пачуў у яе выступе аповед пра выкарыстанне новых формаў зачацця чалавека.

— Але што цікава, яна прызналася публічна на гэтым з'ездзе, што ў яе было дзіця... Я цяпер цытую, не ведаю, як ты гэта зразумееш, што ў яе было дзіця, якое атрымалася ад штучнага апладнення, — адзначыў палітолаг.

— Не ад Барака? — удакладніў Васкрасенскі.

— Не ад Барака Абамы. А Барак Абама выступаў наступным, — адказаў Ялфімаў. 

— А ў пасведчанні аб нараджэнні што напісана? — задаў яшчэ адно пытанне Васкрасенскі.

— Яна не назвала, які. Але дзіўная фраза «было дзіця». Было? Знікла? Не зразумела. Але сутнасць не ў гэтым. А сутнасць у тым, што яна заяўляе аб нейкіх формах новага існавання чалавека як істоты, — растлумачыў Ялфімаў.

На самай справе ў сваёй прамове Мішэль Абама сказала так: 

«Скарачэнне нашай аховы здароўя адымае ў нас свабоду кантраляваць сваё цела, свабоду стаць маці праз ЭКА, як гэта зрабіла я». 

Гэта ўсё, што яна сказала пра сваё дзіця ў гэтым выступе. Па-ангельску ЭКА называецца IVF — Іn vitro fertilization, што азначае апладненне ў прабірцы. Апладненне яйкаклеткі сперматазоідам адбываецца ў прабірцы пад кантролем медыкаў, а потым эмбрыён перасаджваюць у матку жанчыны.

ЭКА — не новая форма існавання чалавека, як выказаўся Ялфімаў. Гэты метад зачацця вядомы з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя і дапамог многім парам, якія не могуць завесці дзяцей натуральным чынам. Яго выкарыстоўваюць і ў Беларусі. Першае дзіця з прабіркі нарадзілася ў нас у 1995 годзе, а з 2021 года адну спробу ЭКА ў дзяржаўнай клініцы сталі рабіць бясплатна.

Што Мішэль Абама звярталася да ЭКА, вядома даўно. Яна напісала пра гэта ў сваёй кнізе, якая выйшла ў 2018 годзе. Натуральная цяжарнасць у яе скончылася выкідкам, і ў 35 гадоў яна вырашылася на штучнае апладненне. Гэта не значыць, што яе дзіця не ад мужа. ЭКА робяць як з выкарыстаннем спермы партнёра, так і донара.