У канцы сакавіка 2025 года ў Нямеччыне прыступіць да працы новы парламент. Пасля гэтага дэпутаты абяруць новага канцлера. На змену Олафу Шольцу з вялікай доляй верагоднасці прыйдзе лідар Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу (Christlich Demokratische Union Deutschlands, CDU) Фрыдрых Мерц. Абмяркоўваючы гэтую тэму 28 лютага 2025 года ў эфіры праграмы «PRO армію» на «СБ ТБ» з яе вядоўцам Сяргеем Дзямінскім, эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка заявіў, што Нямеччына ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і сацыяльнай сферах цярпіць фіяска.
«Думаць пра Чацвёрты, Пяты Райх ніхто ўжо не будзе. Чаму? Таму што хутка Нямеччына будзе жыць па законах шарыяту. І пра гэта ўжо выразна, адкрыта і не саромеючыся кажуць. Сёння ў Нямеччыне мячэцяў больш, чым цэркваў. З Нямеччынай можна дэ-юрэ, дэ-факта развітацца», — сказаў Цішчанка.
Ад 5 да 6 млн чалавек у Нямеччыне вызнаюць іслам — гэта каля 7% ад агульнай колькасці насельніцтва. Але хрысціянства застаецца дамінуючай рэлігіяй: кожны другі жыхар лічыць сябе хрысціянінам. Больш за ўсё сярод немцаў каталікоў — 24%, крыху менш пратэстантаў — каля 22%, каля 5% праваслаўных.
Статыстыка па колькасці мячэцяў у Нямеччыне не пацвердзіла словы Цішчанкі. Іх у краіне менш за тры тысячы. Хрысціянскіх храмаў налічваецца каля 45 тысяч.