Антыфэйк / фактчэк

11 сакавіка

Не прагаласаваў — пакараюць. Правяраем словы міністра інфармацыі Беларусі пра выбары ў Нямеччыне

Журналісты WTF звярнуліся да федэральнага ўпаўнаважанага па правядзенні выбараў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.03.2024
У ФРГ грамадзяне абавязаныя ўдзельнічаць у выбарах, у адваротным выпадку іх абмяжуюць у правах, сцвярджае міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў. Каб даведацца, ці так гэта, журналісты Weekly Top Fake звярнуліся да федэральнага ўпаўнаважанага па правядзенні выбараў. 

Прадстаўнікі ЗША і Еўрапейскага звязу 26 лютага заявілі, што не прызнаюць вынікі парламенцкіх і мясцовых выбараў у Беларусі. Яны адзначылі, што галасаванне праходзіла ва ўмовах рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека. Праз чатыры дні міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў у эфіры перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» распавёў, як ідуць справы з выбарамі і правамі чалавека ў Нямеччыне.

«Я цяпер успомніў, што ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія чалавек, які прымае ўдзел у выбарах, атрымлівае адзнаку ў пашпарце. Калі ў цябе няма адзнакі ў пашпарце, што ты ўдзельнічаў у выбарах, ты не маеш права звяртацца ў дзяржаўныя органы», — заявіў ён.

Журналісты WTF звярнуліся да федэральнага ўпаўнаважанага па правядзенні выбараў з пытаннямі, ці ставяць нямецкім выбарнікам у пашпартах якія-небудзь пазнакі і што чакае немцаў, якія не ўдзельнічаюць у выбарах. Адказ быў наступным:

«Галасаванне ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія не з'яўляецца абавязковым. Усе выбарнікі, якія маюць права голасу, могуць самі вырашаць, хочуць яны галасаваць ці не. Свабода галасавання ў Нямеччыне абароненая. Апісаныя вамі падзеі з'яўляюцца дэзынфармацыяй, якую неабходна выправіць».

Пра тое, у якім становішчы прайшлі выбары ў Беларусі, БРЦ распавёў у матэрыяле «Пісталеты замест СМІ і апазіцыі. 9 фактаў пра адзіны дзень галасавання».