Кантэкст: Украіна і Нямеччына створаць сумесную вытворчасць дальнабойных дронаў, заявіў міністр абароны ФРН Борыс Пісторыюс падчас візіту ў Кіеў 11 траўня 2026 года. Такія беспілотнікі змогуць лятаць на адлегласць да 1500 км — то-бок не толькі да Масквы, але нават да Архангельска або Уфы.
У эфіры «Клуба рэдактараў» на Першым інфармацыйным тэлеканале (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі) 9 траўня 2026 года абмеркавалі «адраджэнне нацызму ў Еўропе» — нібыта немцы пасля Другой сусветнай вайны так і не прайшлі дэнацыфікацыю да канца, а раскаяліся паказальна і павярхоўна. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін заявіў, што многія з іх сімпатызуюць Гітлеру.
«І мы цяпер бачым, што ў Гітлера ёсць... Ледзь не траціна немцаў лічыць яго або героем, або станоўчым персанажам. Мы бачым, як адраджаюцца гэтыя ідэі, прычым у самых розных партыях», — сказаў Гігін.
Апошняе буйное апытанне менавіта пра стаўленне да Адольфа Гітлера правёў Ляйпцыгскі ўніверсітэт у 2024 годзе. Немцаў спыталі, ці згодныя яны са сцвярджэннем, што Гітлера сёння лічылі б вялікім дзяржаўным дзеячам, калі б не было знішчэння габрэяў. Толькі 1% рэспандэнтаў адказаў «так». Яшчэ 5,6% выбралі варыянт «хутчэй так». Супрацьлеглага меркавання прытрымліваюцца 80% немцаў.
Магчыма, Вадзім Гігін меў на ўвазе іншае апытанне. У 2025 годзе яго замовіла нямецкае выданне Die Zeit. У даследаванні ацэньвалі стаўленне сучасных немцаў да эпохі нацыянал-сацыялізму. Амаль 28% рэспандэнтаў цалкам або часткова пагадзіліся са сцвярджэннем, што гэты перыяд сёння паказваюць занадта аднабакова і негатыўна і што ў яго былі і добрыя бакі. З іх толькі 6% выказалі адназначную згоду. Тыя ж 6% адказалі, што немцы не абавязаныя захоўваць памяць пра Галакост і гісторыю нацыянал-сацыялізму. Людзі з такім меркаваннем аказаліся сярод прыхільнікаў розных нямецкіх партый. Больш за ўсё — у нацыянал-папулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (58%), менш за ўсё — у «Зялёных» (6%).
Але ацэнку эпохі нацыянал-сацыялізму нельга прыраўноўваць да ацэнкі асобы Гітлера. Гэта падмена фактаў.