Антыфэйк / фактчэк

03 ліпеня

Ці гатовыя палякі прымаць беларусаў і ўкраінцаў? Па БТ паказалі сваю версію вынікаў апытання

Апытанне, на вынікі якога спаслалася Ціхамірава, у Польшчы сапраўды было.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 26.06.2024
Замежнікі ў Польшчы з 17 чэрвеня не могуць працаваць таксоўцамі без польскага пасведчання кіроўцы. Вядоўца БТ звязала ўзмацненне жорсткасці ўмоў працы з нелюбоўю палякаў да беларусаў і ўкраінцаў і падмацавала свае высновы вынікамі апытання. Каманда Weekly Top Fake знайшла ў яе словах маніпуляцыі. 

Пра ўсё большую непрыязнасць палякаў да беларусаў і ўкраінцаў вядоўца рубрыкі «Кацюшын разлік» на «Беларусь 1» Кацярына Ціхамірава распавяла 26 чэрвеня 2024 года:

«Нецярпімасць да мігрантаў тым часам у Польшчы расце як на дражджах. Спачатку панаехалі беларусы, потым украінцы. Многія займаць працоўныя нішы не хочуць ці працуюць нелегальна, не адлічваючы ў казну. І вось апошняе польскае апытанне паказвае, што толькі 35% насельніцтва лічаць, што Польшчы варта прымаць беларусаў і ўкраінцаў. Тады як 42% супраць знаходжання ў краіне ўсіх замежнікаў наогул». 

Апытанне, на вынікі якога спаслалася Ціхамірава, у Польшчы сапраўды было. Яго правяла арганізацыя Opinia24 для газеты Wyborcza. Вынікі на графіцы Кацярына Ціхамірава прадставіла дакладна: 42% палякаў сапраўды супраць таго, каб Польшча прымала ўцекачоў. Аднак 35% апытаных сказалі, што яны «за» прыём мігрантаў, калі гэта жыхары суседніх краін, напрыклад, украінцы і беларусы. Яшчэ 14% гатовыя прыняць мігрантаў з розных краін свету. Гэта значыць, беларусаў таксама. У суме гэта 49% — амаль кожны другі паляк. Большасць з іх сярод усіх замежнікаў больш добразычлівыя менавіта да ўкраінцаў і беларусаў. 

Ціхамірава распавяла пра гэтае апытанне ў кантэксце працы ў Польшчы: нібыта толькі траціна палякаў згодныя, каб беларусы працавалі ў краіне. На самай справе ў гэтай частцы апытання для Wyborcza гаворка ішла не пра працу, а ў цэлым пра прыём уцекачоў. 

Пра працу для прыезджых з іншых краін палякаў таксама спыталі. 80% адказалі, што не маюць нічога супраць замежнікаў, якія працуюць у сферы паслуг, гандлі або медыцыне.