Антыфэйк / фактчэк

06 чэрвеня

«Радыё Менск»: У прэзідэнткі Малдовы Маі Санду няма малдаўскага грамадзянства. Правяраем, ці так гэта

Журналісты БРЦ высветлілі, пашпарты якіх краін ёсць у Маі Санду.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 27.05.2024
Прэзідэнтка Малдовы мае толькі румынскае грамадзянства, заявіла вядоўца «Радыё Менск» Алена Радоўская. Каманда Weekly Top Fake праверыла, што пра гэта кажа канстытуцыя Малдовы і сама Мая Санду.

Мая Санду 27 траўня падпісала ўказ пра наданне грамадзянства Малдовы некалькім удзельнікам рок-гурта «Бі-2». Музыканты звярнуліся за ім пасля затрымання ў Тайландзе. Па іх думцы, да пераследу быў датычны амбасадар Расеі. 

У той жа дзень вядоўца Алёна Радоўская ў эфіры «Радыё Менск» заявіла, што ў самой Санду няма грамадзянства Малдовы:

«Проста варта напомніць, што ў яе дагэтуль грамадзянства Малдовы няма. Нягледзячы на яе пост, яна з'яўляецца грамадзянкай Румыніі».

Па канстытуцыі Малдовы, прэзідэнтам краіны можа стаць толькі яе грамадзянін, які дасягнуў 40 гадоў. Сама Мая Санду расказвала, што мае падвойнае грамадзянства: «Я грамадзянін Рэспублікі Малдова, у мяне два пашпарты, але маё сэрца тут».

У інтэрв'ю блогеру Юр'ю Дудзю яна прызналася, што атрымала румынскі пашпарт каля 15 гадоў назад: «У маіх бабулі і дзядулі былі румынскія пашпарты. І для мяне важна было мець румынскі пашпарт. Гэта самасвядомасць», — заявіла прэзідэнтка Малдовы.