Антыфэйк / фактчэк

31 снежня 2021

Хіт-парад фэйкаў ад Лукашэнкі, асаблівасці перакладу на «Беларусь-1», і як санкцыі дапамогуць беларускай эканоміцы?

Самыя яркія фэйкі ад Аляксандра Лукашэнкі

Аўтары:
Рэдактары:
У апошнім выпуску адыходзячага 2021-га года «падступных навін» мы вырашылі сабраць самыя яркія фэйкі ад Аляксандра Лукашэнкі і ў пачатак гэтага «хіт-параду» мы паставілі, вядома ж, хлусня пра тое, што ў ІЧУ на вул.Акрэсціна ў Менску нікога з дэманстрантаў у жніўні 2020-га года не збівалі.

«Гэта фэйк. Гэта няпраўда. Слухайце, а навошта іх катаваць? Там жа следства не вялі. Навошта катаваць там людзей? А калі там нехта і быў з сінякамі, так яны атрымалі іх на вуліцы, калі рынуліся на ўнутраныя войскі і АМАП. А іх ужо потым затрымлівалі. У гэтым будынку, у памяшканні на Акрэсціна не было такой неабходнасці. Яны там шаўковыя былі. Яны такія рахманыя, яны такія добрыя, і яны, наогул, у краму хадзілі» – спрабаваў пераканаць журналістку ВВС Лукашэнкі падчас так званай «Вялікай размовы».

А вось ужо іншаму журналісту ВВС у інтэрв'ю Лукашэнка прызнаецца, што людзей на Акрэсціна ўсё ж білі.

«Не трэба, не трэба, я гэта прызнаю!» – адказаў Лукашэнка на пытанне журналіста пра катаванні і збіццё.

Сваё меркаванне Лукашэнка мяняў і пра мігрантаў, якія спрабавалі праз Беларусь трапіць у Еўразвяз.

«Гэта жабракі, бедныя людзі, якія бягуць ад вайны. У іх сапраўды на радзіме няма дзе жыць» – казаў Лукашэнка ў інтэрвʼю турэцкаму тэлеканалу TRT.

А вось, як мігрантаў з Блізкага Усходу апісаў Лукашэнка ў інтэрвʼю для Дзмітрыя Кісялёва з «РІА Навіны»:

«Уцекачы Беларускія, тыя, што ў Беларусі, – гэта супер прасунутыя людзі, не бедныя, у асноўным, багатыя, усе з двума-трыма айфонамі (ці як яны там называюцца). Крутыя хлопцы. І паверце: і дактары, і кандыдаты навук, навукоўцы, са сваімі дзецьмі».

Хлусіў Лукашэнка ў 2020-м годзе і пра 150 тысяч украінцаў, якія знайшлі ў Беларусі прытулак пасля пачатку вайны ў Данбасе.

«Тыя ўкраінцы, калі выехалі за кавалкам хлеба-150.000, некаторыя кажуць 160.000. І я ўсім украінцам сваім указам падаў роўныя правы з беларусамі» – заявіў Лукашэнка падчас той жа «Вялікай размовы».

Упершыню пра 150.000 украінскіх бежанцаў, якія нібыта ўратаваліся ў Беларусі ад вайны, Лукашэнка сказаў яшчэ ў 2017 годзе. А вось, як было на самай справе, па версіі Беларускага статыстычнага камітэту. За 5 гадоў (2014-2018гг.) у Беларусь прыбыло ўсяго 30 тысяч украінскіх мігрантаў. А ўсіх мігрантаў за гэты час прыехала 120 тысяч – менш, чым Лукашэнка налічыў адных толькі ўкраінцаў.

Адзін з самых яркіх фэйкаў Лукашэнкі, які абмяркоўваецца і па гэты дзень, – гэта яго аповед пра тое, што «Tesla» яму падарыў Ілан Маск.

«У мяне ёсць электронная машына, ведаеш ты, напэўна, Тэсла. Маск падарыў» – пахваліўся Лукашэнка беларускаму школьніку ў верасні 2019 года.

Мільярдэр Ілан Маск гэтую заяву адразу ж абверг у сваім Twitter, стварыўшы такім чынам адзін з самых папулярных «мемаў» таго года ў Беларусі. А ў наша распараджэнне ад Кіберпартызанаў трапіў дакумент, які раскрывае, хто на самай справе апынуўся тым самым Ілонам, які зрабіў Лукашэнку такі шчодры падарунак.

Ім аказаўся беларускі бізнесовец Мікалай Варабей. Такі ж Электракар, якім хваліўся Лукашэнка, нафтавік Верабей зняў з уліку ў 2018 годзе. Падстава, паводле дакументаў, – перадача аўтамабіля ў вайсковую частку №01549. Гэта значыць, у службу бяспекі Лукашэнкі.

У 2018 і 2019 гадах Лукашэнка вызваліў практычна ад усіх падаткаў лагістычную кампанію «Брэміна груп», у якой Верабей – саўладальнік.

Асаблівасці перакладу на «Беларусь-1»

Белтэлерадыёкампанія скрала відэа ў EuroNews і наклала на яго зусім іншы тэкст, які кардынальна адрозніваецца ад арыгінала.

Вось матэрыял EuroNews пра Алімпіяду, які паказалі яшчэ ў ліпені гэтага 2020 года. А вось 2 варыянты перакладу ад EuroNews і Беларусь-1.

EuroNews (сапраўдны): «Нягледзячы на дзеянне рэжыму надзвычайнай сітуацыі Токіа атрымала рэдкі шанец стаць гаспадаром Алімпіяды і такое можа не паўтарыцца. Таму ўсё ж хочацца атрымаць гэты вопыт, кажа турыст».

Беларусь-1 (фэйк): «Я думаю, што гэта падыходнае рашэнне не пускаць гледачоў. Замест гэтага мы можам атрымаць асалоду ад спортам па тэлевізары. Можна сказаць, што гэта новы стыль прагляду спартыўных падзей».

Беларусы задаволеныя сваім матэрыяльным становішчам

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі сумесна з аналітычным цэнтрам «EcooM» правялі чарговае сацыялагічнае даследаванне. Людзям задалі пытанне «Як змянілася ваша матэрыяльнае становішча?». Адказы на яго інфармацыйнае агенцтва «БелТА» паднесла наступным чынам:

«58,3% беларусаў лічаць, што не змянілася, трохі і істотна палепшылася. Крыху пагоршылася – так адказалі 23,6% рэспандэнтаў, істотна пагоршылася – 13,2%».

Атрымалася, што большасць людзей задаволеныя сваім матэрыяльным становішчам. Але нават у гэтым даследаванні, 37% кажуць, што іх становішча пагоршылася. Атрымліваецца, што іх у 1,5 разы больш, чым тых, хто лічыць, што стаў жыць лепш. Але «БелТА», каб схаваць гэтую негатыўную тэндэнцыю, маніпулявала сваімі чытачамі і абʼяднала пазітыўныя адказы з нейтральнымі.

Як санкцыі дапамогуць беларускай эканоміцы?

Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць меркаванне, што санкцыі Захаду толькі дапамогуць беларускай эканоміцы.

«Мы бачым на прыкладзе Расеі, якая паднялася. Падняла паваленыя калісьці там Сельская гаспадарка і іншыя віды прамысловасці. Дакладна таксама і Беларусь. Нас толькі стымулююць» – заявілі ў эфіры тэлеканалу АНТ.

Галоўны аргумент для такіх заяў – гэта вопыт Расеі. Пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе Захад таксама ўвёў супраць яе эканамічныя санкцыі. А Расея ў адказ увяла свае. На АНТ сцвярджаюць, што Расея ўдала скарысталася гэтай сітуацыяй, каб заняцца імпартазамяшчэннем санкцыйнай прадукцыі і падняць сваю сельскую гаспадарку.

«Краіны ЕЗ за гэты час страцілі сотні тысяч працоўных месцаў, і дзясяткі мільярдаў еўра. А Расея за гэты час выйшла на поўнае самазабеспячэнне» – працягнулі на АНТ.

Сапраўды, пасля таго, як Масква забараніла імпарт прадуктаў з Захаду, імпарт прадуктаў харчавання ў Расею скараціўся. Але толькі на трэцюю частку. Іншыя дзве траціны таго, што раней закуплялі ў Еўразвязе, пачалі завозіць з Лацінскай Амерыкі, Кітая, а таксама з Беларусі. Таму заявы пра тое, што Расея, дзякуючы контрсанкцыям, выйшла на поўнае самазабеспячэнне харчаваннем ілжывае.

Дзяржаўная праграма імпартазамяшчэння каштавала расейскаму бюджэту 2.000.000 расейскіх рублёў. Паводле ацэнак экспертаў, спажывецкія цэны на ежу з-за гэтага выраслі.

Замежныя эксперты ацанілі фінансавыя страты абодвух бакоў ад санкцый. Гэта даследаванне, апублікаванае ў нямецкай газеце «Handelsblatt» зрабілі навуковыя супрацоўнікі ўніверсітэтаў у Ганконгу і Германіі. У ім гаворыцца, што ЕЗ, на момант публікацыі, губляў менш за 2 млрд долараў у месяц, а Расея – крыху больш за два мільярды.

Польшчу накачаў датацыямі Еўрапейскі звяз

Беларускім медыйным асобам не даюць спакою эканамічныя поспехі Польшчы. І яны знайшлі ім простае тлумачэнне - Польшчу накачаў датацыямі Еўрапейскі звяз.

«Мы можам казаць усё што заўгодна, але палякі самыя ўдачлівыя якія даставальваюць грошай з Еўрапейскай скарбонкі. 110 млрд паводле ацэнак некаторых аналітыкаў. Даляраў. Вось вам рэцэпт польскага цуду». 

Рэдактар холдынгу «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук агучыў гэта 15 кастрычніка. А ў снежні палітолаг Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры Альфа-радыё назваў ужо новую суму еўрапейскай дапамогі. За два месяцы яна вырасла ажно ў 8 разоў.

«Польскі эканамічны цуд так званы шмат у чым забяспечаны еўрапейскімі датацыямі. 800 млрд еўра накачалі ў гэтую панскую Польшчу за апошняе дзесяцігоддзе».

А як насамрэч. Па дадзеным Еўрапейскай камісіі, з 2004 года, калі Польшча ўступіла ў ЕС, па 2020 уключна, еўрапейскія структурныя і інвестыцыйныя фонды закачалі туды 175 мільярдаў еўра. Плюс няпоўных 20 мільярдаў еўра па так званым інвестыцыйным плане Юнкера. 

Разам за 17 гадоў ЕС інвеставаў у Польшчу менш за 200 мільярдаў еўра - у 4 разы менш, чым сцвярджае Шпакоўскі.