Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Галоўнае — не парваць сувязь з радзімай? Праверылі словы міністра адукацыі пра працаўладкаванне беларусаў з дыпломамі замежных ВНУ

Андрэй Іванец заявіў, што ведамства працуе над тым, каб яны вярталіся.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 17.04.2025
Беларусь дае магчымасці для працаўладкавання маладым спецыялістам, якія атрымалі адукацыю за мяжой, распавёў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры праграмы «Скажынемаўчы» на «Беларусь 1». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта не так.

На радзіме ў маладых адмыслоўцаў, якія вучыліся ў замежных ВНУ, ёсць усе магчымасці для працаўладкавання, заявіў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, разважаючы пра замежную адукацыю ў праграме «Скажынемаўчы» на тэлеканале «Беларусь 1» 17 красавіка 2025 года. 

«Дакладна такую ж працу мы вядзем з пункту гледжання тых хлопцаў і дзяўчат, якія сканчаюць расейскія і замежныя ВНУ, для таго, каб яны вярталіся на радзіму і тыя веды, якія атрымалі, яны выкарыстоўвалі і ў нас. Нічога ганебнага і страшнага няма, атрымаць адукацыю дзесьці за мяжой, але вярнуцца на радзіму, як кажа прэзідэнт, не парваць сувязь з радзімай — вось гэта самае галоўнае», — сказаў міністр. 

З некаторымі краінамі ў Беларусі дзейнічаюць пагадненні аб узаемным прызнанні дыпломаў: Расеяй, Кітаем, Казахстанам, Туркменістанам, В'етнамам, Узбекістанам і іншымі. У 2002 годзе Менск падпісаў Лісабонскую канвенцыю, якая спрашчае прызнанне дыпломаў і кваліфікацый, атрыманых у краінах Еўропы. Гэта было адной з умоў для ўключэння нашай краіны ў Балонскі працэс у 2015 годзе. Праўда, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, удзел беларускіх і расейскіх ВНУ ў ім прыпынілі

Беларусь у 2022 годзе ў аднабаковым парадку скасавала пагадненне аб прызнанні дакументаў аб вышэйшай адукацыі з Польшчай, хоць гэтая краіна канкуруе з Расеяй за першае месца па колькасці беларускіх студэнтаў. Пра гэта мы распавядалі ў выкрыцці фэйка, аўтарам якога таксама быў міністр адукацыі Андрэй Іванец. З 2023-га Беларусь анулявала падобную дамоўленасць і з Украінай.

У той жа праграме «Кажынемаўчы» Іванец растлумачыў, што ў 2025 годзе замежныя дыпломы спецыялістаў прызнаюцца не аўтаматычна, а праз пэўную працэдуру:

«У нас ёсць абсалютна зразумелая, празрыстая працэдура прызнання дыплома, калі параўноўваецца вучэбная праграма, якая была рэалізавана ў замежнай ВНУ і якая адпавядае нашай спецыяльнасці. ... У некаторых выпадках, хачу сказаць, часам прасцей зноўку паступіць і атрымаць нашу адукацыю, хай нават у завочнай форме, чым давучваць тых адмыслоўцаў, якія прыязджаюць з Польшчы і з Літвы ў прыватнасці». 

Гэта значыць Беларусь увяла працэдуру, якая можа ўскладніць прызнанне замежнага дыплома. Такім чынам выканалі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі.

«Ім там мазгі прамыюць, як гэта робяць палякі нашым хлопцам, якія там вучацца, і яны нам іх падкінуць, як пятую калону. Гэтага не будзе. Я даручыў ураду, у бліжэйшы час будуць прыняты захады аб непрызнанні дыпломаў, атрыманых за мяжой», — заявіў ён яшчэ ў 2020 годзе.