Антыфэйк / фактчэк

13 снежня

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.12.2024
Беларусь дасягнула значных вынікаў у сацпадтрымцы людзей з інваліднасцю, гэта тычыцца не толькі дапамогі і пенсій, заявіла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка. Каманда Weekly Top Fake параўнала памеры выплат па інваліднасці ў нас і ў іншых краінах. 

Пра прагрэс Беларусі ў падтрымцы людзей з інваліднасцю намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка разважала ў сюжэце на «Беларусь 1» 1 снежня 2024 года.

«Мы сёння прыйшлі да значных вынікаў у сферы сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю, таму што канстатуем развіццё па розных напрамках, абсалютна: гэта і матэрыяльная падтрымка — гэта пенсіі, дапамога, гэта і тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне і, безумоўна, гэта магчымасці працаўладкавання людзей з інваліднасцю», — пералічыла чыноўніца. 

За апошнія пяць гадоў у Беларусі ў гэтым кірунку былі паляпшэнні. Напрыклад, бацькі дзяцей з інваліднасцю атрымалі магчымасць скараціць свой працоўны дзень на гадзіну, захоўваючы заробак. З'явіліся новыя ўстановы для людзей з інваліднасцю — дамы суправаджанага пражывання і дыстанцыйная форма сацыяльнага абслугоўвання. У Канстытуцыі замацавалі прынцыпы раўнапраўя і недыскрымінацыі людзей з інваліднасцю. 

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе. Найбольшая пенсія прадугледжана для людзей з інваліднасцю першай групы — крыху больш за 480 рублёў або каля €140.

Па памерах пенсій у ЕЗ каманда WTF знайшла дадзеныя толькі за 2021 год. Аднак і яны паказальныя. Сярэдняя еўрапейская пенсія па інваліднасці тады складала амаль €650. Гэта ў 6,5 разу больш, чым у Беларусі на той момант. З самай высокай пенсіяй у €100 (для людзей з інваліднасцю першай групы) па курсе таго часу мы знаходзіліся практычна ў самым нізе спісу еўрапейскіх краін — паміж Румыніяй і Албаніяй.