Антыфэйк / фактчэк

16 жніўня

Дэпутат Клішэвіч: ЗША здабываюць усю іракскую нафту. Разабраліся, каму яна дастаецца на самой справе

ЗША кантралююць усю іракскую нафту, заявіў дэпутат беларускага парламенту Сяргей Клішэвіч.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 30.07.2024
ЗША кантралююць усю іракскую нафту, заявіў дэпутат беларускага парламенту Сяргей Клішэвіч. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго словы і высветліла, што нафту ў Іраку здабываюць зусім іншыя краіны.

Гаворка пра іракскую нафту і краіны, якія нажываюцца на ёй, зайшла 30 ліпеня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск».

— А іракцам яны [ЗША] што кажуць: мы падарылі вам свабоду і незалежнасць у 2003 годзе, таму вы нам вінныя ўсё сваё астатняе жыццё, — заявіў Сяргей Клішэвіч. 

— Усю вашу астатнюю нафту, — дадаў вядучы Кірыл Казакоў.

— Так, уся ваша нафта будзе працаваць на нас, — сказаў дэпутат. 

Журналісты Weekly Top Fake праверылі і высветлілі, што іракская нафта дастаецца не ЗША, а сярод тых, хто яе здабывае, ёсць і Расея. 

Ірак уваходзіць у першую пяцёрку краін па велічыні запасаў сырой нафты ў свеце і практычна жыве за кошт гэтага выкапня. А замежныя кампаніі пасля атрымання ліцэнзіі на здабычу інвестуюць у яе ў абмен на ўзнагароджанне або нафту.

Каму выдаваць гэтыя ліцэнзіі і на якіх умовах, вырашае Міністэрства нафты Іраку. 

Атрымліваюць іх не толькі амерыканскія кампаніі. Сярод найбуйнейшых — брытанская British Petroleum, кітайская China Petroleum, расейскі «Лукойл» і малайзійская кампанія Petronas, якая, праўда, заявіла, што хоча прадаць сваю долю ў адным радовішчы. Тое ж самае ўжо зрабіла найбуйнейшая амерыканская кампанія Exxon — прадала сваю долю кітайцам і цалкам сышла з Іраку.

Дзве траціны ўсёй нафты, якая здабываецца ў Іраку, кантралююць кітайскія кампаніі. Акрамя гэтага там працуюць тры расейскія кампаніі, і менавіта пад кантролем Расеі знаходзіцца адно з найбуйнейшых нафтавых радовішчаў Іраку.