Творчасць Уладзіміра Жырыноўскага выдалі за планы Польшчы па падзеле Украіны
Пачнём з тэлеканала АНТ. Ён паведаміў, што Захад гатовы да драбнення Украіны.
«Польскае тэлебачанне паказала карту падзелу Украіны. На гатоўнасць Захаду да драбнення краіны звярнуў увагу былы дэпутат Вярхоўнай Рады Ілля Ківа. У сябе тэлеграм канале ён апублікаваў частку карты, якую паказалі ў эфіры польскага тэлеканала. На малюнку ў складзе Польшчы Львоўская, Івана-Франкоўская, Валынская, Ровенская і Тэрнопальская вобласці. Румынія вырасла за кошт Чарнавіцкай вобласці, а Венгрыя за кошт Закарпацця. У складзе незалежнай Украіны па версіі польскага ТБ застануцца толькі цэнтральныя і паўночныя рэгіёны краіны».
АНТ не сказала, што згодна з гэтай жа картай, поўдзень і ўсход Украіны Польшча нібыта аддала Расіі. А вось расейскія СМІ пра гэта не забыліся. Таму, каб дапоўніць інфармацыю АНТ, звернемся па дапамогу да канала «Салаўёў Лайф».
«Увесь поўдзень Украіны, у тым ліку Адэскую, Мікалаеўскую, Херсонскую, Запарожскую, Днепрапятроўскую і Харкаўскую вобласці і Данбас шчодрай рукой палякаў аддалі Расіі. А ў складзе самой Украіны засталіся цэнтральныя і паўночныя вобласці краіны. Гэта настроі польскага грамадства? Гэта насамрэч так?»
Насамрэч гэтай нібыта польскай мапе ўжо 8 гадоў. Расейская прэса перыядычна пра яе ўспамінае, як пра сенсацыю. Вось, напрыклад, у 2015 годзе яе ўжо публікавала газета «Камсамольская праўда».
Толькі АНТ і канал «Салаўёў Лайф» не сказалі, што аўтарам гэтага падзелу Украіны выступілі не палякі, а расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі.
«Пасля акупацыі Крыма, Расея прапануе нам далучыцца да падзелу Украіны.
Пацьвярджаю, што амбасада Польшчы ў Маскве атрымала ліст ад спадара Ўладзімера Жырыноўскага, дэпутата расейскай Думы. У якім ён паўтарае тое, што ўжо шмат разоў казаў у Думе і ў расейскіх СМІ.
У лісце, да якога атрымалі доступ Wiadomości, Польшчы прапануецца правядзенне рэферэндуму ў пяці заходніх абласцях Украіны аб далучэнні да польскай тэрыторыі. Аналагічную прапанову атрымалі Венгрыя і Румынія. Інфармацыі аб тым, на якія менавіта рэгіёны хацела б прэтэндаваць Расія, няма. Але толькі межы цэнтральнай часткі засталіся б сённяшняй Украіне».
Гэта значыць, польскае тэлебачанне намалявала карту раздзела, каб растлумачыць, што прапануе зрабіць з Украінай Расія ў асобе дэпутата Дзярждумы Уладзіміра Жырыноўскага. У сюжэце гаворыцца, што ліст ад яго Амбасада Польшчы ў Маскве атрымала 17 сакавіка 2014 года.
Мы знайшлі запіс выступу Уладзіміра Жырыноўскага, датаваны 18 сакавіка таго ж года - гэта значыць адразу пасля адпраўлення лістоў у амбасады - дзе ён адкрыта агучвае тыя ж прапановы.
«Заходняя Украіна - гэта сапраўды польскія землі. Львоў, Луцк, Івана-Франкоўск, Тэрнопаль, Роўна. Гэтыя пяць абласцей заходняй украіны сёння штучна так называюцца, гэта польскія землі і трэба іх вярнуць палякам. Яны мараць».
Супадаюць з картай і яго словы аб Венгрыі і Румыніі.
«Венгры. Закарпацкая вобласць, Ужгарад, я там бываў. Там у асноўным венгерскае насельніцтва. Усе гавораць па-венгерску, таму Закарпацце можа плаўна адысці Венгрыі і венгры даўно хочуць і просяць. І нарэшце праблема ў румынаў - Бесарабія і Букавіна. Горад Чарнаўцы ніколі не належаў Украіне, а тым больш Расіі. Ізноў жа сталін часткова ўзяў і гэты рэгіён».
Поўдзень і ўсход Украіны на гэтай карце таксама аддадзены Расіі не палякамі, а Уладзімірам Жырыноўскім.
«Паўднёвы ўсход гэта Расея. І Крым ужо вярнуўся. Павінны яшчэ вярнуцца 7 абласцей. Гэта Херсон, Нікалаеў, Запарожжа, Луганск, Днепрапятроўск, Харкаў, Адэса».
У Польшчы, дарэчы, гэтую прапанову тады пракаментавалі проста.
«Расійскія правакацыі можна разглядаць як спробу пачатку варожасці паміж палякамі і ўкраінцамі, як дыскрэдытацыю палякаў, каб яны выглядалі ненадзейнымі ў Еўрапейскім Саюзе».