Выбары прэзідэнта Беларусі, якія маюць адбыцца, Аляксандр Лукашэнка згадаў 16 студзеня 2025 года. Відэазапіс яго выступлення перад работнікамі Менскага гарадскога тэхнапарку апублікавала БелТА.
«Калі знойдзеце магчымасць і час — прыйдзіце прагаласуйце. Вызначыцеся і прагаласуйце. Пяць кандыдатаў з рознымі пазіцыямі, розныя пункты гледжання: хтосьці NATO хоча сюды ўвесці, за імі гатовыя прыйсці», — распавёў Лукашэнка. З ягоных словаў не зразумела, што маецца на ўвазе: увядзенне войскаў NATO у Беларусь або ўступленне краіны ў Альянс.
Каманда WTF вывучыла праграмы чатырох кандыдатаў. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч асобным радком прапісаў, што яго партыя падтрымлівае ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), міждзяржаўным нефармальным аб'яднанні краін з эканомікай, якая дынамічна развіваецца, БРІКС і АДКБ — аналаг NATO на постсавецкай прасторы.
Ганна Канапацкая выступае за нармалізацыю адносін і аднаўленне працоўных сувязяў з усімі суседзямі і партнёрамі. У яе праграме NATO не фігуруе. Праўда, у ёй ёсць пункты пра неабходнасць абмежавання прэзідэнцтва двума тэрмінамі і пра пераход Беларусі да парламенцкай формы праўлення. На выбарах 2020 года яна выступала за выхад Беларусі з АДКБ і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, таму што гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам. Гэтым разам пра гэта не згадваецца.
Камуніст Сяргей Сыранкоў сцвярджае, што хоча «паглыбіць супрацу з хаўруснікамі па АДКБ і ШАС».
Аляксандр Хіжняк з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці пра палітыку амаль не кажа, толькі мімаходзь згадвае аб развіцці супрацы з міжнароднымі партнёрамі і неабходнасці зняцця санкцый.
Ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты не заявіў пра сваё жаданне прывесці Беларусь у NATO, войскі Альянсу ў нашу краіну або нават аб выхадзе з АДКБ.