Антыфэйк / фактчэк

17 верасня

Кожны дзясяты трактар у свеце — беларускі? Палічылі, у колькі разоў з нагоды дня народзінаў Лукашэнкі перабольшылі гэтую лічбу

«Беларуская тэхніка, як і швейцарская, — гэта сусветны брэнд. Прыкладна кожны дзясяты трактар на планеце — гэта трактар "Беларус"»

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.08.2024
У свеце 10% трактароў — беларускай вытворчасці. Такое дасягненне ў гонар дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі агучылі на тэлеканале КПРФ «Красная линия». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ў ліку памылка — ён меншы мінімум у шэсць разоў. 

Пра кожны дзясяты беларускі трактар гаворка ішла ў эфіры тэлеканалу КПРФ «Красная линия» 28 жніўня 2024 года. 

«Калі я ўбачыў бацьку за стырном, за штурвалам камбайна, які яны стварылі... А кожны дзясяты трактар у свеце беларускі», — агучыў лічбу доктар філасофскіх навук Валянцін Карасёў.

Такі ж паказнік 20 жніўня 2024 года назваў галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў у праграме «Азаронак. Наўпрост»:

«Вось гэтая вось дыпламатыя трактара, якая працуе ва ўсім свеце... 10% трактароў свету робіцца ў Беларусі».

Гучала гэтая колькасць і ў эфіры СТБ у 2016 годзе:

«Беларуская тэхніка, як і швейцарская, — гэта сусветны брэнд. Прыкладна кожны дзясяты трактар на планеце — гэта трактар "Беларус"». 

Спікеры, якія гаварылі пра гэта, не ўдакладнялі, сярод якіх трактароў «Беларус» — кожны дзясяты: сярод сельскагаспадарчых, колавых або ўсіх відаў.

У 2023 годзе ва ўсім свеце, паводле дадзеных Італьянскай нацыянальнай федэрацыі вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, прадалі 2,2 млн сельскагаспадарчых трактароў. МТЗ адсправаздачыўся, што за гэты ж перыяд вырабіў 34 тысячы трактароў. Значыць, нават калі дапусціць, што колькасць прададзеных супадае з колькасцю вырабленых трактароў у свеце, то беларускім быў прыкладна кожны 67 ці прыблізна 1,5% трактароў.