Пост з фотаздымкам клумбы ў форме легендарнага самалёта, які знішчылі расейскія войскі ў аэрапорце Антонаў блізу Кіева, у тэлеграм-канале «ЖС premium» апублікавалі 31 траўня 2024 года.
«На двары 2024-ы і контур "Мріи" пачаў праступаць, але не ў чарцяжах або зборачных цэхах, а на клумбе ў Кіеве. Вось і задача укррасследвальнікам усялякіх карупцыйных спраў: прыгажосць навялі па кошце кветак або самалёта?» — гаворыцца ў подпісе да фота.
Ан-225 «Мрія» — гэта транспартны самалёт з самай вялікай грузападымальнасцю ў свеце, які стварылі пад касмічную праграму. Яго пабудавалі ў Кіеве ў канцы 80-х у адзіным экзэмпляры. Ён згарэў у першыя дні вайны. Украіна заявіла, што адновіць самалёт, але на гэта спатрэбіцца час і нямала грошай.
Фота, якое паказаў «ЖС premium», — двухгадовай даўнасці. Такая кампазіцыя з дзесяці тысяч кветак з'явілася ў Кіеве ў траўні 2022 года. Пра гэта паведамляла Кіеўская адміністрацыя.