Відэа негасціннай сустрэчы кіраўніцы нямецкага МЗС Аналены Бербак меркавана ў Кітаі 28 кастрычніка 2024 года апублікавала «Камсамольская праўда».
«Кіраўніца МЗС Нямеччыны прыляцела ў Паднябесную але, ужо спускаючыся па трапе, зразумела, што ні чырвонай дарожкі, ні авацый не дачакаецца. Больш за тое, кітайскія чыноўнікі нават не патурбаваліся сустрэць госцю», — гаворыцца ў посце ў тэлеграм-канале гэтага выдання (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Такую ж інфармацыю апублікавалі парталы Life.ru, Smotrim.ru і іншыя расейскія медыі. Напісаў пост на гэтую тэму і Рыгор Азаронак.
На відэа, якое распаўсюджвалі пералічаныя медыі, Аналена Бербок спускаецца па трапе самалёта. Унізе стаіць мужчына з камерай, нейкая жанчына здымае чыноўніцу на тэлефон. Бербок суправаджаюць ахоўнікі. Міністр азіраецца па баках і адыходзіць ад самалёта. Афіцыйных асоб Кітая ў кадры няма.
Расейскія медыі напісалі, што візіт нямецкай чыноўніцы ў Кітай афіцыйна не анансавалі. Аднак з пачатку кастрычніка ў СМІ з'явіліся чуткі, што Бербок збіраецца да канца месяца наведаць КНР, каб абмеркаваць сітуацыю ва Украіне і блізкаўсходні канфлікт.
Журналісты «Нашай Нівы» ў афіцыйных медыях Нямеччыны не знайшлі паведамленняў пра паездку кіраўніцы МЗС у Кітай.
Кітайскія чыноўнікі не сустрэлі кіраўніцу МЗС Нямеччыны, таму што відэа было знята не ў Кітаі. На запісе адлюстраваны візіт Аналены Бербак у Малайзію ў студзені 2024 года. Іншае відэа з гэтай падзеяй апублікаваў нямецкі інфармацыйны цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі ў сацсетцы Х.
МЗС Нямеччыны таксама зняпраўдзіла інфармацыю аб сустрэчы чыноўніцы ў Кітаі.
«Гаворка ідзе пра пасадку [самалёта] міністра замежных спраў у Малайзіі», — працытавала афіцыйнага прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства Себастыяна Фішэра РІА Навіны.
У МЗС Нямеччыны растлумачылі, што ў Малайзіі Бербок сустрэлі так, таму што самалёт міністра спыніўся не там, дзе яе сустракала дэлегацыя прымаючага боку, ёй давялося крыху прайсці.