Антыфэйк / фактчэк

31 ліпеня

Блогер Максометр выкрыў урад Латвіі ў спекуляцыях, а каманда WTF — блогера ў хлусні

Блогер Максометр, які пераехаў з Латвіі ў Беларусь, распавёў інфармацыйнаму агенцтву БелТА пра спекуляцыі латвійскага ўрада з бензінам.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 20.07.2024
Блогер Максометр, які пераехаў з Латвіі ў Беларусь, распавёў інфармацыйнаму агенцтву БелТА пра спекуляцыі латвійскага ўрада з бензінам. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую заяву і высветліла, дзе блогер схлусіў. 

«Сумленны аповед» латвійскага блогера Максометра, які ўцёк у Беларусь, БелТА апублікавала 20 ліпеня 2024 года. У ім ён згадаў, як улады Латвіі спекулявалі на паліве:

«Уявіце, цана на запраўцы каштавала €1,4. За літр бензіну. Затым яна падымаецца да €1,6. Прычым не адбываецца ніякіх міжнародных падзей, тэрактаў, нічога не адбываецца. Дзесьці там на біржы скача нафта. І вось адбываюцца гэтыя скокі. І ў адзін цудоўны дзень раніцай мы прачынаемся — і цана на бензін €2,1. Гэта значыць, яна вырасла на 25-30%. Людзі ў Рызе, я сам асабіста бачыў, як яны бралі хуткія крэдыты і запраўлялі бензін, і куплялі па €2,1. Залівалі ў каністры, таму што яны баяліся яшчэ большага павышэння коштаў. Гэта была паніка. Праз некалькі тыдняў цана зноў вярнулася на €1,6. Такім чынам дзяржава згуляла ў такую гульню, стварыла ажыятаж і людзі ўзялі крэдыты і выдаткавалі на бензін». 

Калі менавіта адбываліся гэтыя спекуляцыі, Максометр не ўдакладніў. Каманда Weekly Top Fake вывучыла дынаміку коштаў бензіну ў Латвіі. Яны сапраўды дасягалі €2,1. Было гэта ў чэрвені-ліпені 2022 года. Тады ж кошты бензіну ўзляцелі на біржах у ЗША і ЕЗ. Аднак скачок адбыўся не за адзін дзень, як сцвярджае блогер. Па статыстыцы цэн на паліва на запраўках Латвіі відаць, што яны з €1,6 да €2,1 падымаліся паступова. 

Яшчэ адзін скачок коштаў быў у сакавіку 2022 года, адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Тады рост быў больш хуткім: 2 сакавіка літр бензіну каштаваў €1,60, а 11-га — ужо €1,9.

У абодвух выпадках на рост коштаў уплывалі знешнія фактары. Па-першае, пачалася вайна. Па-другое, летам 2022 года Еўразвяз прыняў рашэнне пра спыненне паставак нафты з Расеі, што магло справакаваць павышэнне коштаў. Па-трэцяе, гэты энергетычны крызіс закрануў увесь ЕЗ і нават ЗША, а не адну Латвію.