Антыфэйк / фактчэк

25 студзеня

Палітолаг Лазуткін абнізіў вайсковыя выдаткі Венесуэлы ў 200 разоў

Ён спаслаўся на памылковыя дадзеныя, апублікаваныя на сайце Сусветнага банку.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.01.2026
Захапіць прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура атрымалася, таму што ў краіне эканомілі на арміі. Так патлумачыў поспех аперацыі амерыканскіх вайскоўцаў палітолаг Андрэй Лазуткін. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго падлікі.

Кантэкст: Доналд Трамп атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру з рук лідаркі венесуэльскай апазіцыі Марыі Карыны Мачада. Яна аддала яму сваю ўзнагароду ў падзяку за адхіленне ад улады Нікаляса Мадура. Нобэлеўскі камітэт заявіў, што лаўрэат можа дарыць прэмію каму хоча, але менавіта Мачада, а не Трамп увойдзе ў гісторыю як атрымальніца і гэтага не змяніць. 

«Чаму з расейскага ўзбраення СПА, размешчанага ў Венесуэле, не было зроблена ніводнага стрэлу [каб абараніць Нікаляса Мадура]?» — задаліся пытаннем вядоўцы Алена Швайко і Дзмітрый Рубашны ў перадачы «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Усяму віной памер вайсковага бюджэту краіны, адказаў палітолаг Андрэй Лазуткін: 

«Там былі “Букі” беларускія, вядома. Там была нават С-300. Ну, кажуць адмыслоўцы, ізноў жа, калі палічыць вайсковы бюджэт Венесуэлы гадавы, кажуць $4 млн. Гэта адзін залп гэтага С-300», — заявіў Лазуткін у эфіры 12 студзеня 2026 года.

На сайце Сусветнага банку сапраўды ёсць дадзеныя, што на вайсковыя выдаткі Венесуэлы ў 2023 годзе вылучылі $3,9 млн. Сума, паказаная ў нацыянальнай валюце, — каля 11 тыс. трлн балівараў (значэнне з 21 нулём). Сусветны банк выкарыстоўвае дадзеныя Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследаванняў праблем свету (SIPRI). Мы параўналі іх са справаздачамі інстытуту. Апынулася, што лічбы супадаюць, а адзінкі вылічэння — не. 

У першакрыніцы гаворка ідзе пра мільярды балівараў. Напрыклад, у 2023 годзе выдаткі Міністэрства абароны Венесуэлы дасягалі 11 млрд у баліварах ці $300 млн. У 2024 годзе сума вырасла да $600 млн. Імаверна, на сайце Сусветнага банку памыліліся ў канвертацыі сум.

Венесуэла цалкам не публікуе свайго бюджэту, але ўлады краіны заявілі, што на 2026 год ён перавышае 5 трлн балівараў, 5,5% ад якіх вылучылі на бяспеку і абарону. Па афіцыйным курсе, гэта каля $800 млн. То бок у 200 разоў больш таго, што налічыў Лазуткін.

$4 млн улады Венесуэлы летась планавалі выдаткаваць толькі на ўмацаванне сістэмы супрацьпаветранай абароны, а не на ўсю абарону. Аднак дакладных дадзеных, як рэальна выкарыстоўваецца бюджэт краіны і якія сумы на што ідуць, няма. Гэтая інфармацыя засакрэчана. 

Толькі за першы месяц 2026 года гэта трэці фэйк, звязаны з затрыманнем Нікаляса Мадура, які пашырылі беларускія дзяржаўныя медыі і выкрыла каманда Weekly Top Fake. 3 студзеня Рыгор Азаронак у эфіры СТБ звязаў поспех амерыканскай аперацыі з планамі Захаду напасці на Беларусь. Праз два дні вядоўца «Радыё Менск» Алёна Родоўская расказала пра фэйкавыя пратэсты прыхільнікаў Мадура.