Антыфэйк / фактчэк

26 мая

«Прасцей вычакаць — яны самі вымруць». Два фэйкі ад Ксеніі Лебедзевай пра дэмаграфію краін Балтыі

У Літве сапраўды смерцяў удвая больш, чым народзінаў. Але такая ж прапорцыя — у Беларусі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 29.04.2026
Вядоўца Першага інфармацыйнага канала Ксенія Лебедзева заявіла, што Літва вымірае, а ў Латвіі нібыта рэальна жыве менш за мільён чалавек. Лічбы пра нараджальнасць і смяротнасць у Літве яна прывяла правільна, але не сказала, што ў Беларусі сітуацыя такая ж. А тэза пра насельніцтва Латвіі — проста фэйк.

Ксенія Лебедзева ў праграме «Гэта іншае» на Першым інфармацыйным канале* 12 траўня 2026 года расказала, «што адбываецца ў Літве і чаму яна вымірае»:

«А цяпер вішанька на шакоцісе (нацыянальны літоўскі торт — рэд.) – дэмаграфія. За папярэдні год у Літве нарадзілася толькі 17,5 тысячы дзяцей, памерла амаль 37 тысяч чалавек. Сітуацыя патавая. Розніцу падлічыць нескладана».

Тое ж самае вядоўца сказала раней, 29 красавіка, у эфіры «Радыё-Менск»:

«За мінулы год 17,5 тысячы нарадзілася і памерла 37 тысяч. Проста пастаянная страта. Яны могуць нас палохаць, што заўгодна казаць, але, мне здаецца, што прасцей проста дачакацца, выседзець, вычакаць гэты час — яны самі вымруць».

Прыведзеныя Лебедзевай лічбы пра Літву праўдзівыя. Але сама патавая сітуацыя, як назвала яе вядоўца, прынцыпова не адрозніваецца ад беларускай. У Беларусі маштаб лічбаў іншы, але суадносіны народзінаў і смерцяў такія ж, як у Літве: у 2025 годзе нарадзіліся 54 257 дзяцей, а смерцяў было ўдвая больш — 116 530. Натуральнае змяншэнне жыхароў дзвюх краін практычна аднолькавае — амаль сем чалавек на тысячу жыхароў. Гэта значыць, што Беларусь і Літва цяпер скарачаюцца прыкладна аднолькавым тэмпам.

Калі леташнія паказнікі захаваюцца, апошні жыхар у абедзвюх краінах памрэ прыкладна праз 145 гадоў. Розніца толькі ў тым, што ў Літве гэта адбудзецца прыкладна на 10 месяцаў раней.

Асобна ў эфіры «Радыё-Менск» Лебедзева выказалася пра Латвію. Паводле яе слоў, у краіне рэальна жыве менш за мільён чалавек.

«Латвія — зразумела. У іх там на сёння, калі гаварыць па мабільных картах, якія фіксуюцца на тэрыторыі, то там менш за мільён выходзіць. Хоць там некалькі гадоў таму было каля двух мільёнаў».

Гэтае сцвярджэнне не пацвярджаецца звесткамі па актыўных падключаных SIM-картах. У Латвіі іх больш за 2 млн, з іх 1,8 млн — у фізічных асоб. Такі ўзровень трымаецца апошнія пяць гадоў без сур’ёзных змен.

Акрамя таго, у Латвіі не можа жыць менш за мільён чалавек хаця б таму, што працадаўцы рэгулярна выплачваюць сацыяльныя ўнёскі за 800 тысяч работнікаў. Пры гэтым ёсць і тыя, хто працуе, але не плаціць сацыяльныя ўнёскі. У суме атрымліваецца каля 900 тысяч толькі працуючых жыхароў — без уліку пенсіянераў, дзяцей і тых, хто не працуе.

Так Ксенія Лебедзева на Першым інфармацыйным канале прадставіла краіны Балтыі як выміраючыя, але не сказала, што насельніцтва Літвы скарачаецца прыкладна ў тым жа тэмпе, што і насельніцтва Беларусі. А сцвярджэнне пра менш чым мільён жыхароў Латвіі не пацвярджаецца звесткамі.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.