Антыфэйк / фактчэк

05 лютага

Лукашэнка распавёў пра падарунак ад BMW. Каманда Weekly Top Fake даведалася, ці гэта праўда

БРЦ звярнуўся да BMW з просьбай пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 19.01.2024
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што шмат гадоў таму нямецкі канцэрн BMW падарыў яму аўтамабіль. Такую заяву ён зрабіў 19 студзеня, падчас візіту на завод «БелДжы». У штотыднёвым выпуску каманда Weekly Top Fake разабралася, ці гэта праўда. 

Пра падарунак канцэрна BMW Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, распавядаючы працаўнікам прадпрыемства «БелДжы» пра перспектывы айчыннага аўтамабілебудавання.

«Увесь свет сёння заточаны на вытворчасць ... гібрыдных аўтамабіляў. Гэта значыць дызельнае паліва, бензін той жа, рухавік, падзарадка — электрамабіль. І чыстыя электрамабілі. Увесь свет сёння, усе кампаніі, усе, і BMW, неяк яны мне падарылі першы маленькі-маленькі аўтамабіль шмат гадоў таму. Гэта значыць, яны ўжо тады пачалі рабіць электрамабілі. Гэта значыць свет нам дэманструе, куды рухацца», — заявіў ён.

БРЦ звярнуўся да BMW з просьбай пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю.

«Мы ўважліва выслухалі гэтую прамову спадара Лукашэнкі. Для BMW AG і яго гандлёвых партнёраў, як сусветнага вытворцы аўтамабіляў, выкананне законаў і правілаў з'яўляецца абавязковым.

Пасля праверкі фактаў нашым афіцыйным імпарцёрам BMW у Беларусі мы не можам пацвердзіць заяву спадара Лукашэнкі пра тое, што ён “у мінулым атрымаў аўтамабіль у падарунак ад BMW”», — адказалі нам у аўтаканцэрне.

У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка ўжо распавядаў, што атрымаў у падарунак машыну вядомага вытворцы. Тады гаворка ішла пра Tesla:

«У мяне ёсць электрычная машына Tesla, я часам яе тэстую. Маск падарыў».

Заснавальнік кампаніі Tesla Ілан Маск гэтыя словы Лукашэнкі зняпраўдзіў.