Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«У Польшчу з'ехала 10-12 тысяч». На колькі Лукашэнка пераменшыў маштаб міграцыі беларусаў

Толькі за апошнія 5 гадоў колькасць беларусаў, якія стала жывуць у Польшчы, павялічылася ў 2,5 разу.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 06.11.2025
Падчас адкрыцця абноўленага моста ў Мазыры Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Польшчу выехалі ўсяго 10-12 тыс. беларусаў. Аднак афіцыйныя дадзеныя Еўрастату, ЕАЭС і Белстату, якія спраўдзіла каманда Weekly Top Fake, паказваюць: рэальная колькасць працоўных і сталых мігрантаў у дзясяткі раз большая.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў сумленна працаваць, а начальнікаў — спраўна ім плаціць зарплаты, інакш «мы будзем губляць людзей»:

«У нас у Польшчу з'ехала 10-12 тысяч чалавек. Хоць, [кажуць], мільён з'ехала. Убачыць бы гэты…» — сказаў Лукашэнка 6 лістапада 2025 года. Відэа з выступам палітыка на цырымоніі адкрыцця абноўленага моста ў Мазыры апублікавала яго прэсавая служба.

Журналісты праекту Weekly Top Fake высветлілі, што Лукашэнка агучыў няправільныя лічбы. Паводле дадзеных Еўрастату, у 2015 годзе ў Польшчы стала жылі каля 11 тыс. грамадзянаў Беларусі, і за 10 гадоў іх стала больш у сем разоў. Толькі за апошнюю пяцігодку іх колькасць павялічылася ў 2,5 разу: у 2020-м такіх было 30 тыс., а да 2025-га — 75 тыс. Аднак, каб атрымаць статус асобы, якая ўвесь час жыве на тэрыторыі краіны, трэба там пражыць мінімум 5 гадоў (гэта не тычыцца ўладальнікаў карты паляка, для якіх прадугледжаны паскораны рэжым атрымання сталага дазволу на жыхарства). То бок, 75 тыс. — гэта толькі тыя, хто ўжо асеў у Польшчы. 

Больш дакладна маштаб міграцыі паказваюць дадзеныя пра колькасць першых дазволаў на пражыванне, выдадзеных беларусам. Гэта дакументы, атрыманыя ўпершыню, якія даюць права замежніку знаходзіцца ў краіне больш за тры месяцы, — працоўныя, студэнцкія, гуманітарныя візы, ДНЖ. Усе краіны ЕЗ за мінулы год выдалі іх 175 тыс. беларусаў. З іх 150 тыс. — Польшча. Прытым да 2020 года польскі бок выдаваў грамадзянам нашай краіны па 40-50 тыс. першых дазволаў у год. Рэзкі рост адбыўся ў 2021-м — тады выдалі 130 тыс., а ў 2022-м — ужо 285 тыс. 

Выдача дазволу не азначае, што чалавек па ім заехаў у краіну, а калі і заехаў, застаўся там надоўга. Папрацаваўшы нейкі час за мяжой, людзі могуць вярнуцца ў Беларусь. Аднак тых, хто афіцыйна працуе ў Польшчы і выплачвае страхавыя ўнёскі, больш, чым налічыў Лукашэнка: паводле дадзеных польскай статыстыкі, да 135 тыс. чалавек. То бок прыкладна ў 10 разоў больш. Варта таксама ўлічваць, што афіцыйна працуюць не ўсе.

Пасля 2020 года беларусы сталі актыўней выязджаць і ў Расею. Па статыстыцы ЕАЭС бачна, што колькасць тых, хто з'ехаў на заробкі да ўсходніх суседзяў, расла да 2016 года, потым цікавасць да РФ знізілася, а з 2023-га зноў пачала расці. Толькі за першую палову 2025 года ў Расею выехалі працаваць рэкордныя 100 тыс. нашых суайчыннікаў — гэта максімум за апошнія 13 гадоў. І гэта толькі тыя, хто трапіў у поле зроку міграцыйных органаў. 

У беларускіх органаў міграцыі ёсць свае дадзеныя па асобах, якія выехалі ва ўсіх кірунках.

«За 2021-2022 год пакінула тэрыторыю Беларусі больш за 200 тысяч грамадзянаў. Гэта розныя прычыны: ці дазвол на жыхарства, ці, насамрэч, рэлакацыя айцішнікаў, чальцы іх сем'яў і гэтак далей, і таму падобнае. То бок, вядома, гэта шмат, таму што гэта працаздольнае насельніцтва», — расказаў 18 студзеня 2025 года ў эфіры АНТ Аляксей Бягун, на той момант кіраўнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.

Белстат упершыню за 5 гадоў таксама падзяліўся такой інфармацыяй. Паводле дадзеных установы, у 2024 годзе на сталае месца жыхарства з Беларусі з'ехалі 32 тыс. чалавек. Вялікая частка — з Менску.