Антыфэйк / фактчэк

09 кастрычніка

Лукашэнка выкрыў фэйк пра захоп ЧАЭС. Але ці быў фэйк?

Украінскія медыі сапраўды пісалі пра захоп ЧАЭС і Беларусь, але ўжо пасля сустрэчы, распавядаючы пра заяву Лукашэнкі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.10.2024
Беларусь мае намер захапіць Чарнобыльскую АЭС — такі фэйк, нібыта апублікаваны ўкраінскімі медыямі, выкрыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з гендырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі. Каманда Weekly Top Fake вылічыла першакрыніцу гэтай інфармацыі.

Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі прыехаў у Беларусь, каб праінспектаваць БелАЭС. 1 кастрычніка 2024 года, падчас сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка згадаў, што ўкраінскія медыі паведамляюць пра ягоны намер захапіць Чарнобыльскую АЭС. Фрагмент размовы на наступны дзень паказаў тэлеканал «Беларусь» 1 у рубрыцы «Антыфэйк» праграмы «Панарама». 

«Апошнім часам нашыя ўкраінскія таварышы і сябры ў сродках масавай інфармацыі шмат часу і месца надаюць Чарнобыльскай атамнай станцыі, даводзяць гэтую інфармацыю да вас, што мы, нібыта Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Украінскія медыі сапраўды пісалі пра захоп ЧАЭС і Беларусь, але ўжо пасля сустрэчы, распавядаючы пра заяву Лукашэнкі. 

«Лукашэнка выказаў здзіўленне з нагоды распаўсюджвання фэйкаў пра захоп Чарнобыльскай АЭС. <...> Украінскія чыноўнікі не пацвярджалі інфармацыю, на якую спасылаецца Лукашэнка», — напісала 1 кастрычніка 2024 года ўкраінская «Телевізійна служба новин».

У сюжэце «Беларусь 1», які назвалі «Каму патрэбныя ўкіды пра захоп Чарнобыльскай АЭС?», яго аўтар, палітаглядальнік БТ Яўген Горын распавёў, што «ўкіды ў СМІ пра спробы захапіць Чарнобыльскую станцыю, каб зладзіць там, напрыклад, тэракт, ходзяць у сетцы аж з 2022 года». Пацвердзілі гэтыя словы матэрыяламі, апублікаванымі ў 2022 годзе. Тады, у самым пачатку поўнамаштабнай вайны, Расея ўзяла пад кантроль ЧАЭС, а потым у якасці жэсту добрай волі, як сцвярджалася, пакінула гэтую тэрыторыю. Але ў гэтых публікацыях няма ні слова пра Аляксандра Лукашэнку — у захопе станцыі абвінавачвалі Уладзіміра Пуціна.

У канцы сюжэту «Беларусь 1» паказалі скрыншот яшчэ аднаго матэрыялу з загалоўкам «Украіна можа ініцыяваць дыверсію на Чарнобыльскай АЭС». Горын за кадрам пракаментаваў яго:

«...і прымушае, напрыклад, у пачатку верасня рабіць укіды пра тое, што на тэрыторыі Чарнобыльскага радыяцыйна-экалагічнага біясфернага запаведніка рыхтуюцца правакацыі з ускладаннем віны на апанентаў. І гэтак далей, і таму падобнае. Мабыць, сцэнароў, выдуманых ЦІПсА (Цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Украіны — рэд.), адрасаваных заходняму абывацелю і арганізацыям тыпу МАГАТЭ, мы пачуем яшчэ нямала».

Апублікаваў матэрыял, на які спаслаўся Горын, расейскі інтэрнэт-рэсурс «Репортёр» 2 кастрычніка — пазней, чым Аляксандр Лукашэнка распавёў пра ўкраінскія фэйкі. У ім пералічаныя абвінавачванні на адрас Беларусі і Расеі нібыта з боку Украіны. У гэтым тэксце няма спасылак, цытат, прозвішчаў людзей, якія пра гэта распавялі, як і назваў украінскіх медыяў, якія нібыта распаўсюджвалі гэтыя абвінавачванні. 

Каманда WTF не знайшла публікацыяў, якія маглі б пацвердзіць, што фэйк пра захоп Чарнобыльскай АЭС сапраўды існаваў.