Антыфэйк / фактчэк

26 снежня

«Камуналка расце надмерна — прыкладна ў пяць разоў». Наколькі Лукашэнка перабольшыў рост камунальных паслугаў ў ЕЗ

Палітык звязаў рост тарыфаў з ростам выдаткаў на абарону.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 09.12.2025
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў ЕЗ у пяць разоў выраслі камунальныя платы, таму што краіны-чальцы сталі выдаткоўваць больш сродкаў на абарону. Каманда Weekly Top Fake высветліла, наколькі ён памыліўся. 

Кантэкст: Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра вайсковую мабільнасць. Паводле дакументу, краіны-чальцы ЕЗ створаць «вайсковы Шэнген» — сістэму, якая дазволіць хутчэй перасоўваць войскі і вайсковую тэхніку ўнутры блока. Яго сутнасць у тым, каб прыбраць бюракратычныя бар'еры на межах, мадэрнізаваць дарогі, масты і чыгуначныя шляхі.

Абмяркоўваючы вайсковыя планы Еўразвязу падчас паседжання Рады бяспекі 9 снежня 2025 года, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выдаткі на абарону ў краінах ЕЗ растуць за кошт сацыяльнай сферы. Урывак відэа з мерапрыемства паказаў тэлеканал «Беларусь-РТР».

«Польшча, Нямеччына, іншыя дзяржавы, нават невялікія, з якімі мы мяжуем, яны не толькі павялічваюць вайсковыя свае бюджэты, але і спрабуюць павялічыць армію. <…> Але трэба ж нечым абгрунтаваць гэтыя выдаткі ў той час, калі народ галее і зачыняюцца радзільныя аддзяленні, шпіталі, калі на адукацыю бракуе грошай, калі жыллёва-камунальныя паслугі растуць надмерна — прыкладна ў пяць разоў выраслі», — пералічыў Лукашэнка.

Цэны на электраэнергію ў першым паўгоддзі 2025 года ў параўнанні з гэтым жа перыядам 2022-га, паводле дадзеных Еўрастату, у ЕЗ сапраўды выраслі — на 15%. Сярод Польшчы, Нямеччыны, Літвы і Латвіі, якія мы ўзялі для параўнання, абапіраючыся на словы Лукашэнкі, самы адчувальны рост у Польшчы — амаль на 75% за тры гады. Па газе самы рэзкі рост адбыўся ў Латвіі — амаль удвая, у Польшчы — усяго на 2%. У сярэднім жа па ЕЗ газ для побытавых спажыўцоў падаражэў прыкладна на траціну.

Не ўбачылі журналісты каманды WTF пяціразовых скачкоў і ў тарыфах на водазабеспячэнне, іншыя паслугі, звязаныя з абслугоўваннем жытла. У Польшчы, Літве і Латвіі цэны выраслі плюс-мінус на траціну. У іншых краінах ЕЗ яшчэ менш.