Тэлеграм-канал «Пул Першага» 31 кастрычніка 2025 года апублікаваў відэа з выступам Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання Бярэзінскага запаведніка. Ён распавёў, як на першых прэзідэнцкіх выбарах жыхары Гарадзенскай вобласці амаль аднагалосна падтрымалі яго кандыдатуру.
«Я, калі пачынаў сваю, 30 гадоў назад, прэзідэнцкую кампанію, я пачынаў з Гарадзенскай вобласці. Ну, усе лічылі, што там ворагі. Але тым больш у мяне ў альтэрнатыве былі два каталіцкія чалавекі там: Шушкевіч, Пазняк і гэтак далей. Ну, я думаю, паеду ў іх вотчыну. Што я ўбачыў? Гэта нашыя людзі! І яны ў першыя прэзідэнцкія выбары за мяне прагаласавалі. Пераважная большасць — пад 90 [адсоткаў] чалавек», — падзяліўся Лукашэнка.
Усё было не зусім так. Станіслаў Шушкевіч, тагачасны спікер парламенту, сапраўды быў каталіком. Як і Зянон Пазняк, ён выступаў за збліжэнне Беларусі з Еўропай.
Лукашэнка сапраўды набраў большасць галасоў у Гарадзенскай вобласці на выбарах у 1994 годзе, але не 90%, а 80%. І гэта было ў другім туры, калі Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч ужо выбылі з гонкі, а супраць Лукашэнкі заставаўся толькі дзейны прэм'ер-міністр, прарасейскі палітык Вячаслаў Кебіч.
У першым туры ў Гарадзенскай вобласці Лукашэнка набраў значна менш галасоў — 36%. Пазняк — 21,2%, Шушкевіч — 10%. Выходзіць, што перамога ўсё адно была за Лукашэнкам, але з меншым разрывам.