Антыфэйк / фактчэк

Учора

Лукашэнка — другі пасля Пуціна госць закрытай рэзідэнцыі Сі Цзіньпіна? Праверылі словы вядоўцы СТБ

Сам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсцешаны гэтым прыёмам.

Аўтары:
Рэдактары:
Старшыня КНР Сі Цзіньпін прыняў Аляксандра Лукашэнку напачатку чэрвеня 2025 года ў закрытым урадавым комплексе, дзе да гэтага з замежных палітыкаў бываў толькі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, распавяла вядоўца СТБ Вольга Коршун. Каманда Weekly Top Fake высветліла, хто яшчэ наведваў рэзідэнцыю.

Аляксандр Лукашэнка напачатку чэрвеня наведаў Кітай і сустрэўся са старшынём КНР Сі Цзіньпінам у закрытым урадавым комплексе. Кітайскі палітык запрасіў яго вярнуцца пад канец жніўня — пачатак верасня на саміт ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацы) і вайсковы парад у Пекіне з нагоды 80-годдзя перамогі над Японіяй. Вядоўца Вольга Коршун у эфіры СТБ 8 чэрвеня 2025 года заявіла, што Сі Цзіньпін у рэзідэнцыі, дзе прайшла сустрэча, прымае толькі вылучных гасцей:

«Прэзідэнт адзначыў, што ўсцешаны такім узроўнем гасціннасці. Гэта сапраўды дорага каштуе. Адзначым, што ў сваёй рэзідэнцыі Сі Цзіньпін апроч Аляксандра Лукашэнкі раней прымаў толькі Уладзіміра Пуціна». 

Гаворка ідзе пра рэзідэнцыю Чжуннаньхай — гэта закрыты ўрадавы комплекс у Пекіне, дзе знаходзяцца офісы найвышэйшых органаў улады Кітая, Дзяржрады і Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі. Таму яе яшчэ называюць пекінскім Крамлём ці кітайскім Белым домам. На тэрыторыі рэзідэнцыі галоўным чынам праходзяць нарады вузкага кола палітычнай эліты Кітая. Чжуннаньхай сапраўды рэдка фігуруе ў паведамленнях пра візіты замежных дэлегацый. Аднак Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін — не адзіныя, каго туды запрашалі. 

У 2018 годзе Сі Цзіньпін прыняў у рэзідэнцыі каралеўскую пару Нідэрландаў — караля Вілема-Аляксандра і каралеву Максіму. Пра гэта пісала буйное дзяржаўнае медыя Кітая на сваім сайце. У 2014 годзе старшыня КНР сустрэўся ў Чжуннаньхаі з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай. У 2022-м Сі Цзіньпін прымаў Дзмітрыя Мядзведзева, старшыню партыі «Адзіная Расея», які наведаў Кітай па запрашэнні камуністычнай партыі краіны.