Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Старыя відэа замест свежых мітынгаў: што не так з паведамленнямі пра падтрымку Мадура

У эфіры «Радыё Менск» і ў тэлеграм-канале «ЖС Premium» выдалі старыя акцыі ў Венесуэле за студзеньскія пратэсты.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 05.01.2026
Напачатку студзеня ў эфіры «Радыё Менск» і ў тэлеграм-канале «ЖС Premium» паказалі відэа, якія падалі як свежыя акцыі ў падтрымку прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура пасля яго затрымання. Вядоўца Алёна Радоўская распавяла пра дзясяткі тысяч людзей на мітынгах у Каракасе, а аўтары тэлеграм-каналу сцвярджалі, што «інфасметнікі збеглых» шыраць старыя відэа. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя матэрыялы і высветліла, што кадры, выкарыстаныя «Радыё Менск» і «ЖС Premium», ужо публікаваліся раней і датычаць іншых падзей.

Кантэкст: Доналд Трамп заявіў, што кантраляваць Венесуэлу і яе нафту будуць ЗША. Амерыканскі прэзідэнт паабяцаў аднавіць краіну за кошт нафтавых прыбыткаў. Прыхільнікі затрыманага ў ноч на 3 студзеня 2026 года амерыканскімі вайскоўцамі прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура выйшлі на вуліцы падтрымаць свайго лідара, тым часам на волю пачалі выпускаць венесуэльскіх палітвязняў.

Вядоўца Алёна Радоўская, абмяркоўваючы сітуацыю ў Венесуэле, сказала, што ў сталіцы краіны пратэстуюць прыхільнікі Нікаляса Мадура:

«У Каракасе мітынгі праходзяць, давайце пакажам. Дзясяткі тысяч венесуэльцаў выйшлі на вуліцы, заявіўшы пра падтрымку нацыянальнага суверэнітэту і канстытуцыйнага парадку, як бы гэта цяпер цынічна не гучала. І крычаць “вызваліце прэзідэнта”», — заявіла Радоўская 5 студзеня 2026 года ў эфіры «Радыё Менск» (ютуб-канал «Вечаровы палітычны канал»).

На яе словах у праграме паказалі відэа, якое падалі як ілюстрацыю гэтых падзей.

Амаль адначасова тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў пост з двума відэаролікамі, таксама падаючы іх як довад масавай падтрымкі Мадура пасля яго затрымання. На адным з іх паказана тая ж падзея, якой праілюстравалі словы Радоўскай на «Вечаровым палітычным канале». У тэксце поста гаварылася:

«Паглядзіце на гэта мора венесуэльцаў, якія выйшлі падтрымаць свайго прэзідэнта, злачынна выкрадзенага амерыканскімі гангстарамі».

Аўтары тэлеграм-каналу сцвярджаюць, што гэтыя відэа свежыя, і ўпікаюць беларускія незалежныя медыі («інфасметнікі збеглых») у тым, што тыя, расказваючы пра святкаванне падзення рэжыму Нікаляса Мадура, паказалі фэйкі — старыя відэа. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ўсе наадварот: «ЖС Premium» і Алёна Радоўская выдалі старыя відэа за свежыя.

Мы знайшлі адно з відэа ў акаўнце ў X (былы Twitter) Нікаляса Мадура. Яго апублікавалі ў ліпені 2024 года. На ім паказана шэсце ў падтрымку Мадура перад прэзідэнцкімі выбарамі, на якое з усёй краіны зʼехаліся яго прыхільнікі.

Другое відэа мы знайшлі ў адным з TikTok-акаўнтаў — яго апублікавалі ў лістападзе 2025 года. Аўтар акаўнта падпісаў яго як моладзевы марш у падтрымку Нікаляса Мадура — у тыя даты ў Каракасе сапраўды арганізавалі такую імпрэзу. Уласнік акаўнта — чавіст, актыўны палітычны дзеяч Аляксандр Веласкес, чалец кіроўнай Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (Partido Socialista Unido de Venezuela, PSUV).

Праверка WTF паказала, што кадры, якія ў эфіры «Радыё Менск» і ў тэлеграм-канале «ЖС Premium» падалі як свежыя акцыі ў падтрымку Нікаляса Мадура пасля яго затрымання, ужо публікаваліся раней і датычаць іншых падзей.