Антыфэйк / фактчэк

Сёння

На «Мінскай праўдзе» распавялі пра неіснуючую забарону для замежнікаў запраўляцца на польскіх запраўках

Абмежаванне на продаж паліва ў каністры зʼявілася толькі ў адным прымежным горадзе пасля ажыятажнага попыту.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 20.03.2026
На ютуб-канале «Мінскай праўды» заявілі, што ў Польшчы забаранілі прадаваць паліва на запраўках «не палякам». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што такога рашэння ў краіне не прымалі: гаворка ішла толькі пра просьбу мэра прымежнага гораду Сьвінауйсьце абмежаваць продаж паліва ў каністры пасля таго, як нямецкія кіроўцы раскупілі яго запасы на мясцовых АЗС.

Кантэкст: З-за вайны на Блізкім Усходзе ў свеце выраслі цэны на газ і паліва. У Еўропе цана на газ паднялася з €30 да €50 за мегават-гадзіну, хоць да максімуму пачатка поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі яна даходзіла да €350, пакуль далёка. Аўтамабільнае паліва ў сярэднім па ЕЗ падаражэла на 25%, а самы заўважны ўзрост прыпаў на Нямеччыну і Аўстрыю. На гэтым фоне ў Еўразвязе зноў загаварылі пра паліўны турызм: жыхары прымежных рэгіёнаў часцей ездзяць запраўляцца ў суседнія краіны, дзе цэны ніжэй. Галандцы едуць у Бельгію, немцы — у Польшчу і Аўстрыю, а палякі — у Славакію.

Разважаючы пра падаражэнне паліва ў Еўропе, вядоўца ютуб-каналу абласной газеты «Мінская праўда» Марына Субота заявіла, што Польшча нібыта забараніла продаж паліва замежнікам.

«[Прэзідэнт Польшчы Караль] Наўроцкі са сваёй камандай узяў і пралабіяваў забарону запраўляцца на польскіх запраўках для немцаў. А заадно і ўсіх іншых еўрапейцаў, хто не палякі. <…> Імгненна прынята было рашэнне абмяжоўваць немцаў і іншых гасцей у абʼёме прадаванага паліва. На адной запраўцы. Так што шаноўныя бюргеры дзеля эканоміі змушаныя шнарыць па ўсіх запраўках польскага прымежжа. Недзе дзесяць літраў ім прададуць, недзе яшчэ літр», — расказала вядоўца праекту «А мы казалі» 20 сакавіка 2026 года.

Гэта не так. Наўроцкі не ўводзіў абмежаванняў на продаж паліва замежнікам, і яны па-ранейшаму могуць вольна купляць яго на польскіх запраўках. У сакавіку 2026 года абмежаванні ўвяла толькі мэр прымежнага курортавага гораду Сьвінауйсьце. Ад найбліжэйшага нямецкага гораду яго аддзяляюць усяго 5 км, і ў першыя выходныя сакавіка жыхары германскага прымежжа сапраўды раскупілі там амаль усё паліва. Некалькі АЗС нават былі змушаны прыпыніць працу. Пасля гэтага мэр Сьвінауйсьця звярнулася да ўласнікаў заправак з просьбай прадаваць у каністры не больш за 20 л паліва. Менавіта такі абʼём замежнік можа правозіць праз мяжу бязмытна. На запраўку бакаў аўтамабіляў абмежаванняў не ўводзілі.

Пра іншыя падобныя абмежаванні на тэрыторыі Польшчы нічога не вядома. Таму цверджанне пра тое, што ў краіне забаранілі прадаваць паліва не палякам, не адпавядае рэчаіснасці.

Вядоўца праекту «А мы казалі», напэўна, пераблытала польскую сітуацыю з развязаннем, якое прынялі ў дружалюбнай Беларусі Славакіі. Менавіта там улады ўвялі абмежаванні на продаж паліва — прытым не толькі для замежнікаў, але і для ўласных грамадзянаў. Аднаму аўтамабілю дазволілі купляць дызель не больш чым на €400, у каністры — не больш за 10 л, а для замежнікаў вырашылі ўсталяваць падвышаныя цэны.

Прэмʼер-міністр Робэрт Фіца патлумачыў гэтыя захады надзвычайным становішчам у нафтавым сектары з-за праблем з дастаўкамі расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба». У студзені расейскія ўдары пашкодзілі яго на тэрыторыі Украіны, а славацкі бок заявіў, што аднаўленне даставаў зацягваецца не толькі з-за рамонту.

То бок на «Мінскай праўдзе» лакальную захаду ў адным польскім горадзе выдалі за агульнанацыянальную забарону для ўсіх замежнікаў. У рэчаіснасці Польшча такога рашэння не прымала, а вольная запраўка аўтамабіляў для замежных кіроўцаў там захоўваецца.