Антыфэйк / фактчэк Сёння

Гісторык Бандарэнка параўнаў мабілізацыю ва Украіне і СССР — і забыўся пра сотні тысяч савецкіх ухілістаў

Да верасня 1944 года НКУС налічыў амаль 500 тыс. ухілістаў і больш за 1,2 млн дэзерціраў.

Пісьменнік і гісторык Вячаслаў Бандарэнка заявіў у эфіры АНТ, што падчас Вялікай Айчыннай вайны немагчыма было ўявіць людзей, якія супраціўляліся б мабілізацыі. Аднак архіўныя дадзеныя НКУС паказваюць адваротнае: ад прызыву ўхіляліся сотні тысяч савецкіх грамадзян, а лік дэзерціраў перавышаў мільён.

Кантэкст: «РБК-Україна» 1 чэрвеня 2026 года паведаміла, што ва Украіне рыхтуюць рэформу арміі. Паводле дадзеных выдання, улады могуць расфармаваць тэрытарыяльныя цэнтры камплектавання. Прычынай называюць шматлікія скаргі на метады, якія супрацоўнікі ТЦК выкарыстоўваюць пры выяўленні ўхілістаў.

У праграме «ОбъективНо» на АНТ 3 чэрвеня 2026 года абмеркавалі «заканамернае пытанне — якімі сіламі Украіна хоча ваяваць», бо, паводле слоў вядоўцы Дзмітрыя Бачкова, «самі ўкраінцы не гараць такім жаданнем». Пісьменнік і гісторык Вячаслаў Бандарэнка параўнаў прымусовую мабілізацыю ва Украіне з мабілізацыяй у СССР падчас Другой сусветнай вайны і заявіў, што тады ад прызыву ніхто не ўхіляўся.

«У краіне, якая вядзе святую абарончую вайну, такія кадры папросту немагчымыя. Мы не можам іх уявіць, дапусцім, у Савецкім Саюзе часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі людзей сілай цягнуць у Чырвоную армію, а яны адчайна супраціўляюцца. Наадварот, ваенкаматы асаджвалі натоўпы добраахвотнікаў», — сказаў Бандарэнка.

Пасля нападу нацысцкай Нямеччыны на СССР многія савецкія грамадзяне сапраўды добраахвотна прасілі залічыць іх у Чырвоную армію. Пра гэта сведчаць шматлікія заявы, якія захаваліся ў архівах. Тое ж адбывалася і ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны: украінцы выстройваліся ў чэргі каля ваенкаматаў.

Аднак наяўнасць добраахвотнікаў не азначае, што ўхілістаў не было. Гэта пацвярджаюць савецкія архіўныя дакументы. Каманда Weekly Top Fake знайшла даведку НКУС пра колькасць дэзерціраў і ўхілістаў станам на верасень 1944 года. Дакумент захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расейскай Федэрацыі.

Згодна з даведкай, дэзерцірства дасягнула максімуму ў першы год вайны: тады затрымалі больш за 700 тыс. чалавек. У наступныя гады гэты паказнік зніжаўся. Лік ухілістаў, наадварот, рос. У 1941 годзе ад прызыву ўхіліліся каля 70 тыс. савецкіх грамадзян. Да верасня 1944 года іх налічвалася ўжо амаль 500 тыс. Яшчэ больш за 1,2 млн чалавек дэзерціравалі. Такім чынам, ад удзелу ў вайне ўхіліліся каля 1,5% мабілізаваных на фронт, а больш за 3% дэзерціравалі.

Вячаслаў Бандарэнка прадставіў ухіленне ад мабілізацыі як выключна ўкраінскую з’яву. Але архіўныя дакументы паказваюць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ад службы ў Чырвонай арміі таксама ўхіляліся сотні тысяч савецкіх грамадзян.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць