Антыфэйк / фактчэк Сёння

Еўропа без малака, Грэцыя без ежы? Што не так з сюжэтамі беларускага дзяржТБ

На News.by і «РТР-Беларусь» знайшлі прыкметы харчовага крызісу там, дзе статыстыка паказвае іншую карціну.

Беларускія дзяржканалы намалявалі трывожную карціну Еўропы: малака становіцца менш, а Грэцыя нібыта ўжо апынулася сярод краін, дзе людзі недаядаюць. Але дадзеныя Еўрастату і ФАО паказваюць адваротнае: вытворчасць малака ў ЕЗ расце, а Грэцыі на мапе харчовай уразлівасці няма.

Кантэкст: Беларусь у 2026 годзе мае намер сабраць не менш за 11 млн т збожжа, заявіў 2 чэрвеня на выставе «Белагра-2026» намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка. Летась ураджай склаў 9 млн т. Выстава праходзіла з 2 па 6 чэрвеня і сабрала больш за 200 тыс. наведнікаў. Сярод гасцей быў генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО — Food and Agriculture Organization of the United Nations, FAO) Цюй Дун’юй. Ён пахваліў беларускі аграрны сектар і заявіў, што, на яго думку, Беларусь здольная пракарміць 100 млн чалавек. Падобныя кампліменты Цюй Дун’юй раней адрасаваў Расеі, Таджыкістану і В’етнаму.

Вынікі міжнароднай аграрнай выставы падвялі ў праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным канале* 7 чэрвеня 2026 года. У сюжэце беларускі аграрны сектар супрацьпаставілі еўрапейскаму і заявілі, што ў Еўропе скарачаецца вытворчасць малака.

«Трэнд на сваё, бадай, самы галоўны для “Белагра” і для нашага АПК у прынцыпе. Пакуль у той жа Еўропе скарачаецца пагалоўе кароў, а значыць, і вытворчасць малака, Беларусь інвестуе ў стварэнне новых вытворчасцяў», — сказаў карэспандэнт.

Пагалоўе кароў у Еўропе сапраўды скарачаецца. Паводле дадзеных Еўрастату, за апошнія дзесяць гадоў яно зменшылася прыкладна на 10%. Але з гэтага не вынікае, што вытворчасць малака таксама падае. У ЕЗ яна, наадварот, расце, таму што павялічваецца колькасць малака, якое дае адна карова. Сярэдні надой ад адной каровы ў Еўразвязе за апошнія гады вырас прыкладна на 20% і ўжо перавысіў 8 тыс. кг за год. Кароў стала менш, але прадукцыйнасць кожнай з іх прыкметна павысілася.

Такі ж трэнд назіраецца і ў Беларусі. За апошнія дзесяць гадоў пагалоўе кароў скарацілася прыкладна на 7%, а надоі выраслі. Пры гэтым Беларусь адстае ад Еўразвязу: адна карова дае ў сярэднім каля 6,5 тыс. кг малака за год.

У той жа дзень тэму харчавання працягнула вядоўца праграмы «Акцэнты» Марыя Тройніч на тэлеканале «РТР-Беларусь». Паводле яе слоў, некаторыя еўрапейскія краіны ўжо знаходзяцца на мяжы голаду.

«Кожны дзень, калі бачыш такое прадуктовае багацце ў крамах, не адразу паверыш, што голад па-ранейшаму застаецца глабальнай праблемай чалавецтва. У ААН ёй займаецца арганізацыя ФАО. Яна зрабіла інтэрактыўную мапу свету, на якой відаць, якія краіны сутыкаюцца з недахопам харчавання. Яны вылучаныя аранжавым колерам. Яшчэ пару гадоў таму Еўропа была белай, свабоднай ад голаду плямай. Цяпер у катэгорыю краін, дзе людзі недаядаюць, трапіла Украіна і нават Грэцыя», — заявіла Тройніч.

Але мапа ФАО паказвае не голад у прамым сэнсе, а распаўсюджанасць недаядання — ацэнку долі насельніцтва, чыё звычайнае спажыванне калорый можа быць ніжэйшым за мінімальна неабходны ўзровень.

Еўропа і раней не была цалкам белай на гэтай мапе. Дзесяць гадоў таму ўзровень недаядання быў вышэйшы за сярэдні ў пяці еўрапейскіх краінах. За гэты час у большасці з іх сітуацыя палепшылася: у пераліку засталіся толькі Славакія і Албанія, а пасля 2015 года — акупацыі Расеяй Данбасу — да іх дадалася Украіна.

Грэцыі, пра якую заявіла вядоўца «РТР-Беларусь», у гэтым спісе няма. Больш за тое, Еўропа ў цэлым застаецца адным з рэгіёнаў з самым нізкім узроўнем харчовай уразлівасці ў свеце.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць